Навуковец Хэ Цзянькуй змяніў ДНК эмбрыёна. Пачалося расследаванне

28 ноября 2018

Дзяржкамітэт Кітая па справах аховы здароўя і планавага дзетанараджэння пачаў расследаванне пасля паведамленняў аб нараджэнні ў краіне немаўлят са змененымі генамі. Раней СМІ паведамлялі, што навуковец Хэ Цзянькуй заявіў, што ён першы ў гісторыі змяніў ДНК эмбрыёна. Паведамленне мела эфект бомбы, што разарвалася. Вядучыя спецыялісты ў галіне рэдагавання генаў асудзілі калегу за эксперыменты з чалавечымі эмбрыёнамі, палічыўшы іх, па-першае, небяспечнымі і дачаснымі, а па-другое, неэтычнымі, "маральна неапраўданымі" і нават "жахлівымі". У чым сутнасць праблемы, даведалася Аляксандра Пінчук.

Кітайскі навуковец Хэ Цзянькуй адрэдагаваў эмбрыёны 7 пар падчас рэпрадуктыўнага лячэння. Навуковец заявіў, што на сённяшні дзень толькі ў выніку адной цяжарнасці нарадзіліся дзяўчынкі-двайняты, у іх зменены гены дзеля абароны будучых пакаленняў ад ВІЧ.

Хэ Цзянькуй, навуковец (Кітай): "Мой эксперымент закліканы дапамагчы мільёнам. Гэтыя людзі са спадчыннымі захворваннямі. І мы павінны праявіць спагаду да іх. Бо калі ў нас ёсць такія тэхналогіі, пры дапамозе якіх мы можам не проста вылечыць нейкую спадчынную хваробу, а супрацьстаяць патэнцыяльна небяспечнай ВІЧ-інфекцыі, нам трэба гэта рабіць".

Аб эксперыментах негатыўна выказаліся шматлікія навукоўцы. У ЗША такая практыка забаронена, бо змяненні могуць быць перанятыя будучымі пакаленнямі, невядома, як яны адаб'юцца на іх здароўі і працы іншых генаў. Такія даследаванні дагэтуль абмяжоўваліся лабараторнымі эксперыментамі, а эмбрыёны на пэўнай стадыі развіцця знішчаліся.

Крыстафер Скот, спецыяліст па медыцынскай этыцы (ЗША): "Такога роду эксперыменты заўсёды выклікаюць хваляванне ў навукоўцаў з пункта погляду медыцынскай этыкі. Справа ў тым, што, хутчэй за ўсё, грамадства яшчэ не гатова да гэтага. Я думаю, што навукоўцам трэба спыніцца і падумаць. Вывучаны яшчэ далёка не ўсе рызыкі. Невядома, як эксперымент адаб'ецца на здароўі і працы іншых генаў немаўлят". 

У Паднябеснай забаронена толькі кланаванне чалавека, а ў пытанні рэдагавання генаў прававых норм пакуль не існуе. Хэ Цзянькуй, паводле яго слоў, прапанаваў парам стварыць эмбрыён дзіцяці, які будзе абаронены ад ВІЧ пажыццёва. Удзельнікі на гэта згадзіліся. Але ці ведалі яны пра рызыкі, якія могуць пагражаць іх дзецям.

Джордж Дэйлі, навуковец (ЗША): "Мы маем самыя магутныя тэхналогіі. Мы можам разрэзаць ДНК і ўносіць змяненні. Але пакуль няясна, наколькі дакладныя такія працэдуры. Мы ўсё яшчэ можам нашкодзіць чалавеку. Напрыклад, стварыўшы такую камбінацыю генаў, якая можа справакаваць ракавыя захворванні. Пра гэта нельга забываць".

Кітай з'яўляецца адным з лідараў па працы з чалавечымі генамі. З 2015 года навукоўцы КНР адрэдагавалі гены 86 чалавек. Але дагэтуль ні аднаго выпадку нараджэння дзяцей з адрэдагаваным геномам афіцыйна не было зарэгістравана.