Тысячы ўкраінцаў былі вымушаны пакінуць краіну

23 июня 2015

Пакінуць родную краіну, баючыся за жыцці сваіх дзяцей, былі вымушаны тысячы ўкраінцаў. Многія з іх пераехалі ў Беларусь. І тут знайшлі падтрымку і працу, а самае галоўнае - спакойнае і бяспечнае жыццё.

Гісторыі ўкраінскіх сем'яў пачуў Андрэй Ястрабаў. 

Святлана Гудухіна вярнулася ў Беларусь зусім нядаўна. Гаворыць, да апошняга спадзявалася, што ва Украіне, куды з'ехала з бацькамі яшчэ ў дзяцінстве, стане спакойна. Не дачакаўшыся, вярнулася на радзіму ў Слаўгарад. Урачу-педыятру па адукацыі адразу прапанавалі працу ў раённай бальніцы.

Святлана з сям'ёй зараз жыве ў інтэрнаце. Але ў райвыканкаме ўжо займаюцца яе кватэрным пытаннем.

Святлана Язерская, намеснік старшыні Слаўгарадскага райвыканкама: "Яны плануюць застацца, сёння сям'і яе выдзелены інтэрнат. Яна стаіць на чарзе на атрыманне службовага жылля. Мы ўжо разглядалі магчымасць выдзялення ёй аднапакаёвай кватэры".

Гэта рэдкі выпадак, калі Вольга змагла дазваніцца да родных. Дзяўчына з мужам прыехала ў Беларусь з Данецкай вобласці, на радзіме засталася практычна ўся сям'я. Гаворыць, уцякла ад пастаянных бамбёжак. Неспакойна там і зараз.

Адзіная сувязь са сваякамі і сябрамі - праз скайп. Але ў Сетцы яны з'яўляюцца вельмі рэдка. Вольга гаворыць, што жыве ў пастаянным страху за ўсіх. Ужо тут, у Беларусі, нарадзіла дачку.

Ужо год сям'я жыве ў Магілёве. За гэты час у Беларусь пераехаў і брат Вольгі. Муж знайшоў працу. Прызнаюцца, што задумваюцца пра тое, каб застацца тут назаўжды.

Толькі ў Магілёўскую вобласць з пачатку года пераехалі амаль дзве тысячы чалавек з Украіны. 600 з іх засталіся жыць у Беларусі. Усе яны знайшлі сабе тут працу. Але самае галоўнае - атрымалі магчымасць жыць у міры і думаць пра будучыню сваіх дзяцей.