Тысячы незапатрабаваных рахункаў выявілі ў банках Швейцарыі

4 мая 2015

Іх знайшлі дзякуючы новаму закону. Паводле яго банкі сёлета павінны апублікаваць інфармацыю аб рахунках, якія былі адкрытыя не менш як 60 гадоў таму і заставаліся незапатрабаванымі апошнія паўстагоддзя. Гаворка ідзе аб рахунках як швейцарцаў, так і іншаземцаў. Колькі грошай на іх захоўвалася, не паведамляецца. На думку экспертаў, знаходка можа дапамагчы выявіць зберажэнні нацыстаў, якія яны перавялі яшчэ да заканчэння Другой сусветнай вайны. Як адзначаюць швейцарскія рэгулятары, такой мэты банкі перад сабою не ставілі. Спецыялісты сцвярджаюць, што незапатрабаваныя рахункі - досыць вострая тэма ў Швейцарыі, пасля таго як у 90-я гады Сусветны яўрэйскі кангрэс заклікаў банкі краіны вярнуць актывы ахвярам халакоста.