Турцыя і Берлін. Адразу два гучныя тэракты

20 декабря 2016

Не толькі пра выбары гаварылі на сустрэчы Прэзідэнта з намеснікам старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Тэма бяспекі асабліва ў гэтыя дні набыла зусім іншае гучанне. Адразу два гучныя тэракты адбыліся мінулым вечарам. У Турцыі і Берліне. Паводле інфармацыі, якая паступае, у Маскве ўжо прызямліўся рэйс з целам дыпламата Андрэя Карлава, якога напярэдадні застрэлілі ў Анкары. Спачуванні родным і блізкім загінуўшага пасла, а таксама словы падтрымкі Прэзідэнту Расіі і народу гэтай краіны ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі з глыбокім болем успрынялі вестку пра цынічную тэрарыстычную атаку, у выніку якой абарвалася жыццё расійскага дыпламата. Расследаваннем трагедыі займаецца сумесная расійска-турэцкая група спецыялістаў. Праваахоўнікі зараз адпрацоўваюць усе сувязі забойцы. Ужо ёсць затрыманыя. Паводле некаторых звестак, забойца (экс-супрацоўнік паліцыі) мог належаць да групоўкі "Джэбхат ан-Нусра", якая вядомая сваімі зверствамі на тэрыторыі Сірыі. Тым часам экспертная супольнасць мяркуе, як здарэнне адаб'ецца на адносінах паміж Расіяй і Турцыяй.

Юрый Казлоў прадоўжыць тэму.

Анкара. Галерэя сучаснага мастацтва. Пасол Расіі ў Турцыі Андрэй Карлаў выступае на адкрыцці фотавыставы. За спінай дыпламата злачынца - ён трапіў у будынак, прадставіўшыся ахоўнікам пасла. На кадрах, апублікаваных неўзабаве пасля трагедыі чуваць, што адкрыўшы агонь, злачынец крычыць: "Алах Акбар" і нешта па-сірыйску “Алепа”. Затым страляе ў дыпламата, які ўжо ляжаў.

Забойца быў ліквідаваны праваахоўнікамі. За жыццё Андрэя Карлава змагаліся турэцкія медыкі, але раненні аказаліся надта цяжкімі. Усяго з цела дыпламата вынялі 9 куль.

Марыя Захарава, афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі, Масква, Расія: "Мы кваліфікуем здарэнне як тэрарыстычны акт. Мы знаходзімся на сувязі з турэцкімі афіцыйнымі асобамі, ад якіх атрымалі запэўненні, што будзе праведзена дэталёвае ўсебаковае расследаванне. Забойцы будуць пакараныя".

Асоба стралка была ўсталявана практычна адразу. Гэта 22-гадовы Меўлют Мерт Алтынташ, былы паліцэйскі. Быў звольнены пасля ліпеньскай спробы дзяржаўнага перавароту. Паводле звестак турэцкіх СМІ, Меўлют Мерт Алтынташ мог быць звязаны з тэрарыстычнай арганізацыяй "Джэбхат ан-Нусра", якая ваюе супраць урадавых войскаў Сірыі. Злачынец загадзя спланаваў напад. Ён узяў выхадны, забраніраваў гатэль, дзе перапрануўся ў цывільнае адзенне і пешшу адправіўся да будынка цэнтра сучаснага мастацтва.

Сулейман Сайлу, кіраўнік МУС Турцыі: "Ён два з паловай гады служыў у паліцэйскім спецназе ў Анкары, быў выпускніком паліцэйскага вучылішча ў Ізміры. Зараз мы вывучаем сувязі забойцы. Мы лічым гэты тэракт правакацыяй, накіраванай супраць турэцка-расійскіх адносін".

Забойства прадстаўніка дыпмісіі - нечуваны акт. Інстытут дыпламатычнай недатыкальнасці зарадзіўся вельмі даўно і захоўваўся ў большасці развітых дзяржаў яшчэ старажытнага свету. Учарашняя трагедыя ў Анкары ўдар не толькі па Расіі, але і па Турцыі. У адыходзячым годзе дзве краіны рабілі ўсё магчымае, каб нармалізаваць адносіны, сапсаваныя інцыдэнтам са збітым расійскім бамбардзіроўшчыкам у лістападзе 2015. І расійскі, і турэцкі лідары лічаць, што менавіта аднаўленню дыялогу паміж Масквой і Анкарой спрабаваў перашкодзіць забойца Андрэя Карлава.

Рэджэп Таіп Эрдаган, Прэзідэнт Турцыі: "Гэта правакацыя, накіраваная супраць нармалізацыі працэсу адносін паміж Турцыяй і Расіяй. Мы не маем намеру гэтаму паддавацца. Я гаварыў з расійскім прэзідэнтам, мы ўважліва сочым за сітуацыяй. Крокі і меры будуць прымацца разам".

У рамках расследавання затрыманы пяць чалавек, сярод іх сваякі забойцы. У Анкары ўзмоцнены меры бяспекі. Турыстаў просяць пазбягаць месцаў масавага збору людзей і па магчымасці не пакідаць гасцініц. З Расіі ў турэцкую сталіцу вылецела спецгруппа з 18 чалавек, якая прыме ўдзел у сумесным расследаванні.

У Маскву працягваюць паступаць спачуванні з усяго свету. Адным з першых на трагедыю адрэагаваў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей. Напярэдадні ў тэлефоннай гутарцы з расійскім калегам ён выказаў глыбокія і шчырыя спачуванні ў сувязі з трагічнай гібеллю Андрэя Карлава.

У афіцыйнай заяве МЗС Беларусі рашуча асуджаецца забойства пасла. Такім атакам не можа быць апраўдання, гаворыцца ў дакуменце.

Напад на Андрэя Карлава публічна асудзілі члены Савета Бяспекі ААН, кіраўнікі МЗС краін ЕС, абраны прэзідэнт ЗША.

Пан Гі Мун, Генеральны сакратар ААН: "Я хачу выказаць глыбокія спачуванні расійскай дэлегацыі ў сувязі з забойствам іх калегі - пасла Андрэя Карлава ў Анкары. Я асуджаю гэты бессэнсоўны акт тэрору, якому не можа быць ніякага апраўдання".

Борыс Джонсан, Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі: "Я, як і шматлікія, адчуваю глыбокае абурэнне, з-за таго, што дзяржслужачы забіты пры выкананні сваіх абавязкаў. Прычым настолькі баязлівым спосабам, што выклікае пагарду".

Томас дэ Мезьер, Міністр унутраных спраў Германіі: "Турцыя вельмі моцна пацярпела ад тэрарызму. Калі ў чымсьці пазіцыі Берліна і Анкары адрозніваюцца, што тычыцца тэрарызму - тут мы адзіныя: выкараніць гэта зло неабходна агульнымі намаганнямі".

З асуджэннем тэракта выступіў і ўкраінскі МЗС. А сапраўдным антыгероем у сацсетках стаў экс-сотнік Майдана, пазафракцыйны дэпутат Рады Уладзімір Парасюк, які назваў забойцу пасла героем.

Што тычыцца непасрэдна расійска-турэцкіх адносін, то аналітыкі лічаць, што забойства ў Анкары наўрад ці зможа спыніць іх развіццё. У тэрарызму няма нацыянальнасці і такі інцыдэнт, улічваючы апошнія падзеі на кантыненце, мог адбыцца ў любым пункце Еўропы.

У Маскве да будынка расійскага МЗС людзі нясуць кветкі і свечкі. Акцыі ў памяць пра Андрэя Карлава ў гэтыя хвіліны праходзяць у турэцкіх гарадах. Мясцовыя СМІ, дарэчы, нават апазіцыйныя, называюць забітага ў прамым эфіры дыпламата вялікім сябрам турэцкага народа. Вуліца, на якой зараз знаходзіцца пасольства Расіі ў Анкары, будзе перайменавана ў гонар загінуўшага дыпламата.