ЦВК Турцыі аб’явіў папярэднія вынікі рэферэндуму

17 апреля 2017

Пры рэкорднай яўцы на ўчастках - амаль 85 % - народ падтрымаў прапанаваныя прэзідэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам змяненні ў Канстытуцыю. Такім чынам, Турцыя становіцца прэзідэнцкай рэспублікай. Эрдаган ужо павіншаваў выбаршчыкаў.

Рэджэп Таіп Эрдаган, Прэзідэнт Турцыі: "Сёння Турцыя прыняла гістарычнае рашэнне наконт кіруючай сістэмы. Канстытуцыя будзе змененая. Гэтая канстытуцыйная папраўка з'яўляецца незвычайным змяненнем. Наша апошняя Канстытуцыя была напісана падчас надзвычайных падзей. Зараз разам з народам мы рэалізавалі найважнейшую рэформу ў нашай гісторыі. Наш народ зрабіў выбар, даў дабро прэзідэнцкай сістэме".

З сённяшняга дня Турцыя ўступае ў так званы пераходны перыяд - канчаткова новая сістэма дзяржаўнага кіравання будзе сфарміравана ў 2019 годзе. Прадугледжваецца, што ў краіне скасуецца пасада прэм'ер-міністра, яго функцыі ўскладваюцца на прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы будзе прызначаць міністраў і членаў Канстытуцыйнага суда. Указы набудуць статус законаў. З паспяховым правядзеннем усенароднага рэферэндуму Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць у тым, што "прынятае на рэферэндуме рашэнне будзе спрыяць далейшаму ўмацаванню суверэнітэту і незалежнасці Турцыі".