Трохбаковая кантактная група абмяркоўвала пытанні рэалізацыі рашэння аб развядзенні сіл у Данбасе

5 октября 2016

Пытанні фактычнай рэалізацыі рашэння аб развядзенні сіл і сродкаў па лініі судотыку ў Данбасе сёння абмяркоўваліся на сустрэчы трохбаковай кантактнай групы ў Мінску. Гэта заявіў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік. Нагадаем, адвод сіл павінен быў пачацца з 1 кастрычніка. Аднак гэты працэс не атрымалася завяршыць.

Марцін Сайдзік, спецпрадстаўнік АБСЕ у трохбаковай кантактнай групе: "Пэўныя даты пачатку адводу кожным бокам былі падрабязна абмеркаваныя як і ў рабочай групе па пытанні бяспекі, так і ў трохбаковай кантактнай групе. Было дасягнута паразуменне, што кожны бок аб’явіць пра сваю гатоўнасць да адводу. Поўнае прытрымліванне рэжыму спынення агню, вядома, вельмі спрыяла б хутчэйшай імплементацыі рамачнага рашэння".

Таксама ў Мінску бакі абмеркавалі пытанні аднаўлення разбуранай інфраструктуры Данбаса, работы размініравання, а таксама пытанні амністыі і мясцовыя выбары. Наступная сустрэча кантактнай групы адбудзецца 26 кастрычніка.