Трагічная навіна сёння прыйшла з Паўднёвага Судана

4 ноября 2015

Там праз чацвёра сутак пасля крушэння на Сінайскім паўвостраве расійскага лайнера новая катастрофа. Паводле апошніх дадзеных, парадку 40 чалавек загінулі падчас крушэння грузавога самалёта Ан-12. Прадстаўнік прэзідэнта Паўднёвага Судана ўдакладніў, што на борце паветранага судна былі як члены экіпажа, так і пасажыры. Траім атрымалася выжыць у катастрофе, усе яны грамадзяне Паўднёвага Судана. З шасцярых членаў экіпажа пяцёра з'яўляліся армянамі і адзін грамадзянінам Расіі. Паводле дадзеных Мінтранса, экіпаж борта быў вольнанаёмным.

На зямлі ахвярамі аварыі сталі два дзясяткі мясцовых рыбакоў.

У сваю чаргу кампанія - уладальнік самалёта "Алайд Сервісес Лімітэд" адмовілася даваць каментарыі адносна яго падзення.

Кампанія-уладальнік пацярпелага крушэнне самалёта здзяйсняе грузавыя перавозкі па рэгіёне, у яе валоданні знаходзяцца два самалёты Ан-12. У пасольстве Расіі ў Судане ўдакладнілі, што Ан-12 - вытворчасці канцэрна "Антонаў" - маглі выкарыстоўваць для гуманітарных патрэб. Самалёт пацярпеў крушэнне неўзабаве пасля ўзлёту за 800 метраў ад аэрапорта Джуба. У Мініінфармацыі Судана пацвердзілі, што на борце знаходзіліся 18 чалавек, 15 загінулі. Выжыўшых трое, у тым ліку дзіця. Паводле звестак агенцтва "Рэйтар", хваставую частку і іншыя фрагменты машыны раскідала ўздоўж берагоў ракі Белы Ніл. Што канкрэтна стала прычынай аварыі, яшчэ трэба будзе высветліць. Часцей гучыць версія аб тэхнічных праблемах. Спецыялісты адзначаюць, што менавіта ў Афрыцы адбываецца большасць сусветных авіякатастроф са смяротнымі выпадкамі. Зношаная тэхніка не вытрымлівае жорсткай эксплуатацыі.

З'явіліся папярэднія дадзеныя расшыфроўкі бартавых самапісцаў лайнера "Aэробус A321", які разбіўся ў Егіпце. Як стала вядома, пілоты не абмяркоўвалі паміж сабою тэхнічныя непаладкі на борце самалёта.

Расійскія ратавальнікі сумесна з егіпецкімі абследавалі больш як 30 квадратных кіламетраў у зоне крушэння. Паводле дадзеных МНС Расіі, за мінулыя суткі фрагментаў цел загінуўшых выяўлена не было. Знойдзеныя толькі асабістыя рэчы, а таксама дакументы тых, хто знаходзіўся на борце.

Падчас папярэдняга агляду знойдзеных раней цел загінуўшых мінна-выбухных слядоў на іх выяўлена не было, - заявіла крыніца ў цэнтры судова-медыцынскай экспертызы.

Паводле апошніх дадзеных камісіі па расследаванні крушэння, прычынай катастрофы мог стаць выбух у рухавіку, перадае "Аль-Масры аль-Яум" са спасылкай на крыніцы ў следстве. Усяго ж падрыхтоўка даклада аб катастрофе расійскага лайнера зойме ад аднаго да чатырох тыдняў.