Трагедыя - у лонданскім тэатры Apollo

20 декабря 2013
Напярэдадні позна вечарам у перапоўненай глядзельнай зале абваліліся канструкцыі. Ратавальнікі гавораць, што пасыпалася гіпсавая ляпніна са столі. Паводле апошняй інфармацыі, пацярпелі 88 чалавек, з іх 7 шпіталізаваныя, але іх жыццям нішто не пагражае.

Падрабязнасці ў рэпартажы - Вадзіма Марцішэўскага.

Прагляд дзіцячага спектакля стаў сапраўднай трагедыяй для соцень жыхароў Лондана. Тэатр быў перапоўнены гледачамі: іх было больш як 700 чалавек.
На месцы інцыдэнту экстранныя службы апынуліся праз лічаныя хвіліны. Усяго працавалі 25 брыгад хуткай дапамогі і санітарны верталёт, 8 пажарных машын з паўсотняй пажарнікаў, многія супрацоўнікі паліцыі. Для аказання дапамогі легкараненым былі задзейнічаны аўтобусы гарадскога транспарту.

Як паведамляюць ратавальнікі, усе, хто спачатку не змог самастойна выбрацца з залы пасля абвальвання, былі выратаваныя. Пацярпелым аказвалі дапамогу на месцы, некалькіх шпіталізавалі. Былі выкліканы спецыяльныя групы пошукавікаў, каб упэўніцца ў адсутнасці людзей пад абломкамі. Паводле інфармацыі ратавальнікаў, якія правяраюць стан даху тэатра, упала дэкаратыўная ляпніна, напоўніўшы ўсё памяшканне густым воблакам пылу.

Скотленд-Ярд рэкамендаваў жыхарам і гасцям мегаполіса планаваць маршруты перамяшчэнняў у Вест-Эндзе так, каб пазбегнуць раёна вуліцы Шафтсберы-авеню. Менавіта там знаходзіцца будынак адкрытага ў 1901 годзе тэатра, які ахоўваецца дзяржавай як помнік архітэктуры. Рух па авеню быў перакрыты.

Паводле слоў відавочцаў, столь абвалілася прама падчас спектакля, што прывяло ў жах гледачоў, калі яны зразумелі, што гэта не было часткай паказу.

Калі акцёр на сцэне ўзмахнуў рукой і закрычаў Беражыся!, я падумаў, што гэта частка пастаноўкі. А потым усё запоўніў пыл, стала нічога не відаць, і нам сказалі выходзіць.


Усе адразу падняліся з месцаў, схапілі рэчы і пабеглі да выхаду. Ва ўсіх вакол была паніка і шок. У тэатры былі дзеці, якія плакалі. Людзі выходзілі, пакрытыя пылам, некаторыя са слядамі крыві на галаве.

Прычыны абвальвання пакуль не высветленыя, аднак, паводле інфармацыі следчых, нішто не сведчыць пра тое, што гэта было вынікам якія-небудзь наўмысных дзеянняў.

Зараз пошукава-выратавальная аперацыя завершана, будынак тэатра апячатаны, пазней правядуць падрабязную інспекцыю яго стану. Расследаванне акалічнасцяў здарэння прадаўжаецца.