Тэракт у Кабуле. Амаль 90 чалавек загінулі, 380 параненыя

31 мая 2017

Сёння раніцай у Кабуле адбыўся тэракт: у паветра ўзляцела цыстэрна ўзрыўчаткі. Паводле апошніх звестак, у спісе загінуўшых ужо амаль 90 чалавек, 380 параненыя. Як стала вядома, адказнасць за выбух узяла на сябе "Ісламская дзяржава". Прылада здэтанавала недалёка ад пасольства Германіі і прэзідэнцкага палаца. Выбуховай хваляй пашкоджаныя дамы ў радыусе некалькі соцень метраў ад эпіцэнтра. Пацярпеў і будынак нямецкай дыпмісіі. Некалькі супрацоўнікаў параненыя. Ахоўнік-афганец загінуў пры выбуху.

Зігмар Габрыэль, міністр замежных спраў Германіі: "Гэта была жахлівая атака ў Кабуле, прама ля сцен пасольства Германіі. Загінулі і параненыя дзясяткі людзей. Амаль усе яны - мірныя людзі, ні ў чым не вінаватыя грамадзяне Афганістана. Сярод пацярпелых супрацоўнікі нашага пасольства. На шчасце, па словах урачоў, іх жыццю нічога не пагражае".

Цэнтральная плошча сталіцы Афганістана ачэпленая паліцыяй. Апошнімі месяцамі тут пачасціліся ўзброеныя напады. У маі 9 мірных жыхароў былі забітыя падчас атакі смяротніка ля ваеннай калоны НАТА.