Тэракт на чыгуначным вакзале ў Валгаградзе

29 декабря 2013

Трывожныя навіны з пазнакай Тэрмінова! паступаюць з Расіі. У 11:45 па мінскім часе на чыгуначным вакзале ў Валгаградзе прагрымеў выбух. Бомба спрацавала паміж уваходнымі дзвярамі і турнікетамі. На відэа з камеры назірання з будынка насупраць бачна, як адбыўся выбух жахлівай сілы.


Паводле папярэдніх звестак, узарвалася тэрарыстка-смяротніца, якая не паспела прайсці праз металадэтэктары. Загінулі не меней за 18 чалавек і звыш як 50 параненыя. Следчы камітэт Расіі завёў крымінальную справу паводле артыкула тэракт. Месца здарэння ачапілі, працуюць сапёры. Чыгуначны вакзал у Валгаградзе - транспартны вузел для шматлікіх паўднёвых рэгіёнаў, месца стыкоўкі цягнікоў пяці кірункаў. Штодня праз вакзал праходзяць больш за тры з паловай тысячы пасажыраў. Пасля гэтага выбуху МУС Расіі ўзмацніў меры бяспекі на тэрыторыі чыгуначных і аэравакзалаў. Павялічылася колькасць нарадаў паліцыі, праводзіцца больш дбайны агляд пасажыраў. Акрамя таго, узмоцненыя меры бяспекі ў суседніх з Валгаградскай вобласцю рэгіёнах. З 1 па 3 студзеня ў Валгаградскай вобласці аб'явілі жалобу па загінуўшых у тэракце. Пра гэта паведаміў губернатар Валгаградскай вобласці Сяргей Бажэнаў. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, родным і блізкім загінуўшых у выніку тэрарыстычнага акту на чыгуначным вакзале ў Валгаградзе.


Гэта ўжо не першы тэракт у Валгаградзе за апошнія месяцы. У канцы кастрычніка ў Чырвонаармейскім раёне Валгаграда тэрарыстка-смяротніца Наіда Асіялава, грамадзянская жонка баевіка махачкалінскай бандгрупы Дзмітрыя Сакалова, учыніла ў рэйсавым аўтобусе самападрыў. Тэракт забраў жыцці сямі чалавек, больш за 40 чалавек атрымалі раненні, у тым ліку 12 непаўналетніх, таксама аднагадовае дзіця.