Тэракт на стадыёне ў Манчэстэры. Загінулі каля 20 чалавек

23 мая 2017

Выбух на стадыёне ў Манчэстэры. Загінулі не менш як 19 чалавек, больш за паўсотню параненыя. Брытанскія праваахоўнікі ўпэўненыя - гэта тэракт. Усё адбылося каля гадзіны ночы падчас выступлення амерыканскай поп-спявачкі Арыяны Грандэ. Мяркуецца, што выбух учыніў тэрарыст-смяротнік за межамі канцэртнай пляцоўкі, калі публіка разыходзілася. У спартыўным комплексе знаходзілася больш як 20 тысяч людзей, у тым ліку шмат падлеткаў. Відавочцы гавораць, што чулі два моцныя выбухі. У зале пачалася паніка.

Да стадыёна сцягнутыя дзясяткі паліцэйскіх аўтамабіляў і карэт хуткай дапамогі. Эвакуіраваны найбліжэйшы вакзал "Вікторыя". Рух усіх цягнікоў на ветцы каля арэны спынены. Вуліцы ў раёне заблакіраваныя. Мясцовыя жыхары прапаноўваюць прытулак тым, хто з-за здарэння не змог пакінуць Манчэстэр. Сацыяльныя сеткі узрушаныя трагедыяй. Свае спачуванні накіроўваюць людзі з розных краін, у тым ліку і медыйныя персоны.

На месцы ПП працуюць сапёры. Паведамляецца, што паліцыя знішчыла падазроны прадмет паблізу ад месца выбуху. Зрэшты, гэта апынулася нечая забытая вопратка. Брытанскі прэм'ер-міністр выказала спачуванні сваякам ахвяраў трагедыі. Сёння Тэрэза Мэй правядзе надзвычайнае пасяджэнне.