Тэорыя змовы ў дзеянні

6 февраля 2013
Амерыканская праваабарончая арганізацыя апублікавала даклад, які раскрывае скандальныя падрабязнасці. У дакуменце Фонду Сораса дэталёва расказваецца аб 136-ці выпадках незаконнага выкрадання людзей і ўтрыманні іх пад вартай. Насуперак перадвыбарным абяцанням Барака Абамы адмовіцца ад сакрэтных турмаў у аналітыкаў няма падстаў гаварыць пра змяненне сітуацыі да лепшага.
Саудавец Ан-Насіры - вязень Гуантанама - сцвярджае, што больш за паўгода яго незаконна трымалі ў сакрэтнай турме ЦРУ ў Польшчы. Ісцец падаў скаргу ў Еўрапейскі суд па правах чалавека яшчэ ў 2008. На рашэнне міжнароднага судовага органа - рассакрэціць дадзеныя расследавання - польскія ўлады адказалі: гэта перашкодзіць узаемнаму супрацоўніцтву. Зараз, маўляў, не крыўдзіцеся - будзем асцярожнічаць у плане допуску да інфармацыі. Адносна Ан-Насіры Варшава заявіла: таемнае расследаванне яшчэ вядзецца. Што датычыцца турмы - яе існаванне ўлады афіцыйна не пацвярджаюць.
А гэта былы супрацоўнік ЦРУ Джон Кірыяку, прысуджаны да двух гадоў турмы за выдаванне сакрэтнай інфармацыі. Шырокай публіцы ён распавёў пра катаванні падазроных у тэрарызме падчас допытаў. Паводле яго слоў, гэта каштавала яму дорага - ён страціў усё.
Амерыканская праваабарончая арганізацыя падрыхтавала даклад на 216 старонак, які пралівае святло на шматлікія дэталі цёмных спраў ЦРУ. Пасля тэрактаў 11 верасня спецслужбы ЗША распрацавалі праграму па затрыманні, допыце і пакаранні тых, пра каго лічылі, што яны маюць дачыненне да тэрору. Людзей перапраўлялі ў краіны, законы якіх дазвалялі катаванні. Гэта працягвалася гадамі. І вось надышла пара выкрыцця метадаў ЦРУ, лічаць аўтары даклада.
Факты незаконнага ўтрымання і выкарыстання катаванняў у амерыканскіх турмах знайшлі адлюстраванне і ў дакладзе МЗС Беларусі аб парушэннях правоў чалавека ў шэрагу дзяржаў планеты. Сетка сакрэтных турмаў ЦРУ была арганізаваная пры Джорджы Бушы-малодшым. У 2006-м ён прызнаў іх існаванне. Але практыка катаванняў не скончылася. Адказнасць - не толькі на ЗША. У чорным спісе, напрыклад, Германія, Аўстрыя, Іспанія, Італія, Вялікабрытанія, Чэхія, Літва... І калі, скажам, Пакістан, Афганістан, Польшча і іншыя трымалі ў сябе і катавалі вязняў, шматлікія краіны дапамагалі іншымі спосабамі - дазвалялі карыстацца паветранай прасторай і наземнай для перакідвання зняволеных.
Нядаўна амерыканскія праваабаронцы раскрытыкавалі свайго прэзідэнта за падпісанне законапраекта аб выдатках на абарону. Падставай паслужыла ўключэнне ў дакумент палажэння, якое катэгарычна забараняе дастаўку вязняў лагера Гуантанама ў ЗША, у тым ліку для перадачы іх спраў на разгляд федэральных судоў. На думку экспертаў, такім чынам на рэалізацыі даўняга абяцання Абамы фактычна пастаўлены крыж. На самой ваеннай базе днямі аднавіліся слуханні па справе аб тэрактах 11 верасня. Варта было адвакату абвінавачаных толькі згадаць пра іх - трансляцыя гуку імгненна спынілася. Заўтра ў кангрэсе ЗША на пытанні журналістаў адкажа новы кіраўнік ЦРУ Джон Брэнан. Абысці вострую тэму відавочна не атрымаецца.