Лёс Каталоніі застаецца няясным

28 октября 2017

Незалежнасць рэгіёна, якую ў Барселоне абвясцілі напярэдадні, не прызнала ніводная дзяржава планеты. Знешнепалітычныя ведамствы ЗША і краін ЕС выпусцілі афіцыйныя паведамленні, у якіх "каталонскае пытанне" названае ўнутранай справай Іспаніі. Афіцыйны Брусель папрасіў Мадрыд пазбягаць ужывання сілы пры вырашэнні праблемы. Іспанская пракуратура ўжо прыстрашыла каталонскіх чыноўнікаў крымінальным праследаваннем. Як будзе праходзіць "мірнае супраціўленне" ў Барселоне? Юрый Казлоў працягне.

Рашэнне прынята, што рабіць далей - незразумела. Па ўсёй Каталоніі з будынкаў муніцыпалітэтаў здымаюць флагі Іспаніі і Еўрасаюза. Прыхільнікі незалежнасці працягваюць святкаваць абвяшчэнне суверэнітэту.

Аб аддзяленні ад Іспаніі каталонскі "жэнералітат" абвясціў напярэдадні. Прычым гэтым разам у парламентарыяў-сепаратыстаў хапіла рашучасці абвясціць незалежнасць выразна і без абмовак. Бо мінулая спроба заявіць аб суверэнітэце аўтаномнай супольнасці была настолькі непераканаўчай, што Мадрыду нават прыйшлося звяртацца да Барселоны па тлумачэнні - маўляў, што гэта было?

Гістарычнае галасаванне аб уступе ў сілу дэкларацыі аб незалежнасці праходзіла пры паўпарожняй зале. Пасля нядоўгіх дэбатаў дэпутаты-лаялісты пакінулі пасяджэнне ў знак пратэсту.

Зараз сітуацыя ў Каталоніі вельмі нявызначаная. Адразу пасля абвяшчэння рэгіёнам суверэнітэту Мадрыд пазбавіў аўтаномную супольнасць самакіравання і прызначыў у Каталоніі датэрміновыя выбары на 21 снежня. Кіраўніка "жэнералітата" Карлеса Пучдэмона і начальніка каталонскай паліцыі Жазепа Луіса Трапера звольнілі. Замест іх цэнтральны ўрад прызначыў на адказныя пасады сваіх людзей. Сам Пучдэмон зараз знаходзіцца ў Жыроне. Выступаючы са зваротам да суграмадзян, ён заявіў, што не прызнае ні сваёй адстаўкі, ні роспуску рэгіянальнага парламента і заклікаў каталонцаў да дэмакратычнага супраціўлення.

Галоўнай прычынай правядзення рэферэндуму аб незалежнасці ў Каталоніі стала несправядлівае, на думку мясцовых жыхароў, размеркаванне прыбыткаў у рамках Каралеўства. Каталонія - найбагацейшы рэгіён Іспаніі, які вырабляе трэць валавога нацыянальнага прадукту. Усе прыбыткі рэгіён адпраўляў у дзяржказну, з якой затым атрымліваў толькі частку заробленых сродкаў. Змяняць гэтую схему Мадрыд не жадаў, і каталонцы лічылі, што, аддзяліўшыся ад Каралеўства, яны стануць больш багатыя. Аднак ужо пасля рэферэндуму аб незалежнасці рэгіён пачалі пакідаць буйныя кампаніі. А ўчарашняе абвяшчэнне суверэнітэту не прызнала ніводная дзяржава. Гэта значыць - весці бізнес незалежнай Каталоніі, якая ў дадатак перастане быць часткай адзінай Еўропы, будзе проста не з кім. Ёсць яшчэ адзін прынцыповы момант - гэта рэпрэзентатыўнасць рэферэндуму 1 кастрычніка. Падчас плебісцыту 90 працэнтаў грамадзян прагаласавалі за выхад са складу Іспаніі, аднак у галасаванні прыняло ўдзел меней за палову выбаршчыкаў. Астатнія рэферэндум праігнаравалі. Справа ў тым, што самая шматлікая этнічная група ў 7-мільённай Каталоніі - іспанцы. Іх каля 45 працэнтаў. Каталонцаў жа на 10 працэнтаў менш. Уначы на фоне святкавання абвяшчэння суверэнітэту рэгіёна сотні прыхільнікаў адзінай Іспаніі прайшлі маршам па цэнтры Барселоны. Акцыя суправаджалася сутычкамі з паліцыяй, пацярпелі тры чалавекі. На заўтра дэманстрацыі юніяністаў запланаваныя ва ўсіх буйных гарадах Каралеўства, уключаючы каталонскую сталіцу.