Краіны арабскай кааліцыі часова спынілі авіяўдары па Емене

30 марта 2015

Гэта зроблена для таго, каб замежныя дзяржавы маглі эвакуіраваць з неспакойнай краіны сваіх падданых. Не працуюць у Емене ўжо і пасольствы ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і прадстаўніцтвы большасці міжнародных арганізацый. На думку экспертаў, у найбліжэйшы час сітуацыя ў Емене будзе толькі пагаршацца. Улады краіны далёкія ад кампрамісу з мяцежнікамі-хусітамі. Няпростую сітуацыю ў краіне і шляхі выйсця з яе абмяркоўвалі напярэдадні на саміце Лігі арабскіх дзяржаў. Аб прынятых рашэннях раскажа Юрый Казлоў.

Ваенная аперацыя ў Емене будзе працягнутая. Такое рашэнне было прынята па выніках саміту Лігі арабскіх дзяржаў у егіпецкім Шарм-эш-Шэйху. Перад пачаткам сустрэчы да арабскіх лідараў звярнуўся Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун. Ён заклікаў рэгіянальных ігракоў урэгуляваць канфлікт мірным шляхам.

Пан Гі Мун, Генеральны сакратар ААН: "Нам вельмі сорамна, што ў свой час міжнародныя і рэгіянальныя арганізацыі не змаглі прадухіліць пачатак канфлікту ў Сірыі, і я вельмі спадзяюся, што на гэтым саміце лідары складуць выразны план па мірным вырашэнні крызісу ў Емене".

Удзельнікі саміту ў сваю чаргу адзначылі, што дыялог паміж уладамі Емена і паўстанцамі-хусітамі магчымы. Але для пачатку мяцежнікі павінны скласці зброю і прызнаць легітымнасць еменскага прэзідэнта Абд Рабо Мансура Хадзі.

Рыяд Ясін, міністр замежных спраў Емена: "Аперацыя "Бура рашучасці" завершыцца толькі пасля таго, як яе мэта будзе дасягнутая, а ў Емене пачнецца працэс нацыянальнага прымірэння з удзелам усіх бакоў. Такі дыялог магчымы толькі пасля таго, як хусіты складуць зброю".

Хусіты або "Ансар Алах" - гэта ваенізаванае шыіцкае фарміраванне. Рух быў заснаваны 20 гадоў таму. У 2004-м хусіты спрабавалі ўчыніць дзяржаўны пераварот, але мяцеж быў падаўлены. Групоўка зноў актывізавалася летам 2014-га. За лічаныя тыдні хусіты ўзялі пад кантроль сталіцу Емена Сану. Прэзідэнт Хадзі быў змешчаны пад хатні арышт, але здолеў збегчы - спачатку ў родны горад Адэн, затым за мяжу. На мінулым тыдні Хадзі звярнуўся да дзяржаў заліва з просьбай умяшацца ў сітуацыю ў Емене. У ноч на чацвер арабская кааліцыя на чале з Саўдаўскай Аравіяй пачала аперацыю "Бура рашучасці" і нанесла першыя авіяўдары па пазіцыях хусітаў.

Сёння авіяўдары па тэрыторыі Емена былі часова спыненыя - для таго, каб замежныя дзяржавы маглі эвакуіраваць з краіны сваіх грамадзян. Емен ужо пакінулі больш як паўтысячыпакістанцаў. Кітай і Індыя накіравалі ў рэгіён ваенныя караблі для вывазу сваіх падданых.

Як паведамляюць сусветныя СМІ, у найбліжэйшы час саюзнікі могуць пачаць у Емене наземную аперацыю. На саміце Лігі арабскіх дзяржаў было прынята рашэнне аб стварэнні 40-тысячнай рэгіянальнай арміі, якая павінна рэагаваць на лакальныя пагрозы накшталт канфлікту ў Емене або лівійскага крызісу.

Паміж тым, канфлікт у Емене ўжо стварыў перадумовы для павышэння кошту нафты. Пасля пачатку аперацыі "Бура рашучасці" чорнае золата спыніла страчваць у кошце і, на думку экспертаў, неўзабаве каціроўкі пачнуць расці. Трэйдары асцерагаюцца, што еменскія паўстанцы перакрыюць Баб-эль-Мандэбскі праліў, які злучае Чырвонае мора з Адэнским залівам і з'яўляецца асноўным калідорам для транспартоўкі нафты.