Стала вядомая прычына крушэння лайнера ў Калумбіі

1 декабря 2016

Стала вядомая прычына крушэння лайнера з футбалістамі бразільскага клуба "Шапекаэнсэ" ў Калумбіі. Гэта недазапраўка. Запас гаручага, які быў у самалёта перад вылетам, не адпавядаў міжнародным патрабаванням, заявіў начальнік службы бяспекі грамадзянскай авіяцыі Калумбіі.

Фрэдзі Банілья, начальнік службы бяспекі грамадзянскай авіяцыі Калумбіі:

"Пасля агляду мы ўбачылі, што ў самалёта не было паліва. Таму мы ініцыіравалі працэс расследавання, каб высветліць прычыну недахопу паліва пры катастрофе. Згодна з міжнароднымі стандартамі, самалёт павінен мець дадатковую колькасць паліва мінімум яшчэ на 30 хвілін палёту. На жаль, у самалёта не было паліва для непрадбачаных акалічнасцяў".

Раней быў апублікаваны запіс перамоў пілота з дыспетчарам. На ім камандзір паветранага судна за некалькі хвілін да катастрофы запытвае тэрміновую пасадку з-за недахопу гаручага. Самалёт, нагадаем, разбіўся ў панядзелак за 50 кіламетраў ад аэрапорта горада Медэльін. На борце знаходзіліся 77 чалавек - 9 членаў экіпажа і 68 пасажыраў, у тым ліку гульцы і персанал бразільскага футбольнага клуба "Шапекаэнсэ". І толькі шасцярым з іх удалося выжыць, у тым ліку тром гульцам каманды. Напярэдадні ў Калумбіі дзясяткі тысяч людзей сабраліся на стадыёне, дзе павінен быў прайсці фінальны матч Паўднёваамерыканскага кубка, каб ушанаваць памяць ахвяр трагедыі.