ЗША запусцілі працэдуру выхаду з ДРСМД. Расія вымушаная адказаць люстрана

2 февраля 2019

Галоўнай сусветнай падзеяй тыдня, безумоўна, стане сённяшняя навіна з ЗША. Вашынгтон афіцыйна запусціў працэдуру выхаду з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Дамова лічыцца асноватворнай у міжнароднай бяспецы. Расія вымушаная была адказаць люстрана. Пры гэтым Масква не мае намеру ўцягвацца ў новую гонку ўзбраенняў. Гэта заявіў Уладзімір Пуцін на сустрэчы з кіраўнікамі МЗС і Мінабароны. Шкадаванні з нагоды рашэння ЗША аб выхадзе з дамовы не раз выказвала МЗС Беларусі. Такая ж пазіцыя і ў большасці краін Еўрасаюза.

Сяргей Рабкоў, намеснік міністра замежных спраў Расіі:

"У сённяшнім Вашынгтоне стала менш тых, хто гатовы разглядаць кантроль над узбраеннем як эфектыўны спосаб гарантавання ўласнай бяспекі. Пэўна, яны пачынаюць ігру, накіраваную на тое, каб знясіліць нашу эканоміку, запусціўшы новую гонку ўзбраенняў. Яны не разумеюць, што мы атрымалі добрыя ўрокі з мінулага".

Федэрыка Магерыні, вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі:

"І хоць краіны Еўрасаюза не ўдзельнічаюць у ракетнай дамове, яна вельмі выгадная менавіта Старому Свету. ЕС не жадае, каб еўрапейскі кантынент ізноў стаў месцам суперніцтва звышдзяржаў. Неабходна захаваць і выконваць дамову ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці".

Працэс выхаду ЗША з супрацьракетнай дамовы зойме 6 месяцаў. І Вашынгтон, і Масква ўжо заявілі, што пакідаюць за сабою права на працягу гэтага часу весці работы, накіраваныя на стварэнне забароненых дамовай ракетных сістэм. Нагадаем, Злучаныя Штаты абвінавачваюць Маскву ў парушэнні ўмоў дамовы. Па меркаванні Вашынгтона, расійскія ракеты маюць большую далёкасць палёту, чым прадугледжана дакументам. Расія ўсе прэтэнзіі адпрэчвае, як і ўльтыматум знішчыць гэтую зброю. Масква ў сваю чаргу выказала ЗША прэтэнзіі ў адказ. Размова аб элементах амерыканскіх ПРА ў Польшчы і Румыніі. Па меркаванні расійскіх вайскоўцаў, гэтыя сістэмы могуць выкарыстоўвацца для запуску ракет "Тамагаўк ", прычым у ядзерным абсталяванні.