ЗША аб’явілі пра выхад з Парыжскай канвенцыі аб клімаце

2 июня 2017

Такім чынам, Дональд Трамп выканаў яшчэ адно са сваіх шматлікіх перадвыбарных абяцанняў. Рашэнне не падтрымліваць пакт стала перамогай прыхільнікаў жорсткай лініі амерыканскага прэзідэнта і паражэннем прадстаўнікоў умеранага лагера, у які ўваходзіць яго дачка Іванка і дзяржсакратар Рэкс Тылерсан. Адразу пасля гучнай заявы лідары ЕС, ААН і Папа Рымскі заклікалі Трампа яшчэ раз падумаць. Але ён застаўся непахісны. Чаму глабальнае пацяпленне не хвалюе Трампа, высвятляла Вольга Давідовіч.

Дональд Трамп аб’явіў пра выхад з Парыжскай канвенцыі аб клімаце - дакуменце, які дэкларуе меры для барацьбы з глабальным пацяпленнем. Прэзідэнт ЗША ўпэўнены, што пагадненне шкодзіць эканамічным інтарэсам яго краіны і абяцае правесці новыя перамовы, каб зрабіць яго справядлівым для амерыканцаў.

Дональд Трамп, прэзідэнт ЗША: "Парыжскае пагадненне - гэта апошні прыклад таго, як у Вашынгтоне прымаюць рашэнне, якое наносіць шкоду Амерыцы на карысць інтарэсам іншых краін. Для амерыканскіх рабочых, якіх я люблю, гэта пагражала стратай працы, скарачэннем зарплат і закрыццём фабрык, а ў цэлым гэта магло прывесці да заняпаду эканомікі. Так што ЗША з гэтага дня спыняюць выкананне ўмоў дамовы і, такім чынам, скідаюць цяжар драконаўскіх фінансавых і эканамічных абмежаванняў".

Вялікай нечаканасцю заява кіраўніка Белага дома ні для каго не стала: пра намер выйсці з пагаднення па клімаце Трамп гаварыў яшчэ падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі. Ён не раз выказваў меркаванне, што змена клімату - гэта надуманая тэорыя і што прамысловасць ніяк не ўплывае на гэты працэс. З гэтым катэгарычна нязгодныя эксперты.

Дэніел Суэйн, эксперт па клімаце (ЗША): "Дзейнічаць трэба ўжо зараз, паколькі клімат змяняецца менавіта праз дзейнасць чалавека. Калі мы не зменім падыход, то да канца XXI стагоддзя наш клімат будзе вельмі не падобны да клімату XX стагоддзя. І гэта будзе не вельмі добра для людзей і ўсіх насельнікаў Зямлі".

Рашэнне амерыканскага прэзідэнта не падтрымала ні адна краіна з ліку традыцыйных саюзнікаў ЗША - і гэта ўпершыню ў гісторыі. За некалькі гадзін, якія прайшлі з моманту выступлення Трампа, на гэтую тэму паспелі выказацца дзясяткі замежных палітыкаў, і ні адзін з іх не знайшоў слоў падтрымкі.

Эмануэль Макрон, прэзідэнт Францыі: "Я шкадую аб тым, што ЗША вырашылі выйсці з Парыжскага пагаднення. Я лічу, што прэзідэнт Трамп робіць памылку ў дачыненні не толькі да будучыні сваёй краіны і свайго народа, але і да будучыні ўсёй планеты".

Каічы Ямамота, міністр навакольнага асяроддзя Японіі: "Я лічу, што калі прэзідэнт Трамп пайшоў на гэта, ён проста згарнуў з правільнага шляху, якім павінна ісці чалавецтва. І, калі гэта будзе магчыма, мы паспрабуем пераканаць яго".

Падобную рэакцыю выклікала яго рашэнне і ў самой Амерыцы. Пра сваю нязгоду з прэзідэнтам ужо заявілі губернатары трох штатаў Каліфорніі, Нью-Ёрка і Вашынгтона, а на вуліцах найбуйнейшых гарадоў прайшлі масавыя дэманстрацыі пратэсту.

Нязгодныя з рашэннем Трампа і многія з яго каманды - дачка Іванка і яе муж Джарэд Кушнер, які адначасова займае пасаду саветніка прэзідэнта ЗША. А таксама дзяржсакратар Рэкс Тылерсан, які доўгі час узначальваў адну з найбуйнейшых энергетычных карпарацый "Эксан Мабіл".

Акрамя таго, Трамп пазбавіўся падтрымкі буйных бізнесменаў: ужо вядома, што кансультацыйны савет пры Белым доме пакінуў кіраўнік кампаній "Тэсла" і "Спэйс Х" Ілан Маск. А са складу прэзідэнцкага Форуму стратэгіі і палітыкі сышоў генеральны дырэктар кангламерату Walt Disney Company Роберт Айгер.