ЗША на мяжы калапсу

1 октября 2013

З сённяшняга дня Штаты жывуць без бюджэту. З-за спрэчак з нагоды рэформы аховы здароўя кангрэсмены так і не змаглі дамовіцца. У выніку праект выдаткаў на новы фінансавы год не зацверджаны. Ужо заўтра вялікая частка дзяржслужачых выйдзе на працу толькі на некалькі гадзін, каб згарнуць свае справы. Спыніць працу ў краіне можа і парламент. Чым абернецца такая сітуацыя для ЗША і ўсяго свету, разбіраліся нашы карэспандэнты.



Расказвае Юрый Казлоў: Грошай няма і не будзе. Кангрэсу ЗША не ўдалося ўзгадніць праект бюджэту на наступны фінансавы год.


Праблема ў тым, што ні адна з палітычных сіл не валодае большасцю адразу ў дзвюх палатах парламента. У ніжняй - палаце прадстаўнікоў - у большасці рэспубліканцы. У Сенаце - верхняй палаце - першую скрыпку іграюць іх апаненты - дэмакраты. Прыняць спрэчны законапраект немагчыма. Калі закон ініцыююць рэспубліканцы, то ён без праблем ратыфікуецца ніжняй палатай, але не прымаецца верхняй. Калі якое-небудзь новаўвядзенне спрабуюць увесці дэмакраты, то да Сената дакумент папросту не даходзіць.


Прыкладна такая гісторыя выйшла з новым праектам бюджэту. Дакумент не прымала то верхняя, то ніжняя палата. Тым часам тэрміны яго прыняцця выйшлі. Новы фінансавы год наступіў, як водзіцца, раптам - сёння.


Галоўнай падставай для разладу стала фінансаванне прапанаванай Абамай яшчэ некалькі гадоў таму рэформы аховы здароўя - так званай Obamacare. Яна ўводзіць абавязковае медыцынскае страхаванне для кожнага амерыканца. Дэмакраты ўпэўненыя, што, нягледзячы на вялікую нагрузку для бюджэту, змяненні зробяць медыцынскую дапамогу даступнай для ўсіх слаёў насельніцтва. Рэспубліканцы, далёкія ад ідэй сацыялізму, парыруюць: хочаш лячыцца - зарабляй. Ісці на кампраміс не гатовая ні адна з фракцый. У выніку з-за аднаго спрэчнага пункта без грошай застаўся ўвесь амерыканскі дзяржапарат.


За непахіснасць палітыкаў расплачваецца ўся краіна. Ужо пачаліся затрымкі з выплатамі зарплат, пенсій, сацыяльных дапамог. Работнікі, якім плацяць з дзяржбюджэту, ад клеркаў да супрацоўнікаў камунальных службаў, адпраўленыя ў бестэрміновы водпуск. З-за спрэчак у Кангрэсе закрытая нават Статуя Свабоды, у НАСА выйшлі на працу толькі 3% супрацоўнікаў. Пашанцавала нешматлікім. Спецыяльным указам прэзідэнта гарантаваная аплата працы вайскоўцаў, авіядыспетчараў і службаў кантролю якасці харчавання.


Тым не менш, лічаць эксперты, новы праект бюджэту будзе прыняты ўжо ў найбліжэйшы час. Выхаду ў кангрэсменаў няма - працяглага прастою эканоміка ЗША не вытрымае. Больш за тое, неўзабаве дэмакратам і рэспубліканцам трэба будзе прыняць валявое рашэнне па павышэнні планкі дзярждоўгу.


Да палемікі ў амерыканскім Кангрэсе зараз прыкавана ўвага ўсяго свету. Калі дэмакраты і рэспубліканцы будуць і далей паказваць адзін аднаму сваю прынцыповасць і не прымуць мераў па забеспячэнні пазыковых абавязацельстваў краіны, Злучаныя Штаты стануць віртуальным банкрутам, што пагражае небывалай катастрофай усёй сусветнай эканоміцы. Міністэрства фінансаў ЗША папярэджвае: калі планка дзярждоўгу не будзе павышана, то ўжо да 17 кастрычніка ў амерыканскай казне застанецца ўсяго 30 мільярдаў долараў. Гэтай сумы краіне хопіць на паўдня.