Спецкамісія ААН пачала праверку акалічнасцяў хімічнай атакі ў сірыйскай правінцыі Ідліб. Яе ахвярамі сталі каля 100 чалавек, 500 пацярпелі. Такія лічбы прыводзяць арабскія СМІ.
Сярод пацярпелых шмат дзяцей. Большая частка загінуўшых - мірныя жыхары, якія памерлі ад удушша. Паводле папярэдніх звестак, атрутныя рэчывы - зарын альбо хлор - былі распыленыя над горадам Хан-Шэйхун падчас авіяўдару. На кім ляжыць адказнасць за атаку, пакуль невядома. Узброеная апазіцыя абвінавачвае ў выкарыстанні хімзброі ўрадавыя войскі. Афіцыйны Дамаск ускладае віну за трагедыю на мяцежнікаў. Адзначым, напрыканцы 2013 года пад кантролем міжнародных экспертаў і ААН з Сірыі былі вывезеныя ўсе запасы хімзброі. Тым не менш, у краіне перыядычна адбываюцца напады з выкарыстаннем атрутных рэчываў.













