У гэтыя хвіліны ў Нью-Ёрку Савет Бяспекі ААН праводзіць пасяджэнне па блізкаўсходнім урэгуляванні. Цэнтральная тэма - разгляд занесенага Егіптам праекта рэзалюцыі, якая прадугледжвае асуджэнне аднаасобнага вызначэння дзяржавамі статусу Іерусаліма.
Дакумент стаў адказам на рашэнне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа прызнаць Іерусалім сталіцай Ізраіля і перанесці туды амерыканскае пасольства з Тэль-Авіва. Расія тады запатрабавала ад ЗША тлумачэнняў. Францыя і Вялікабрытанія выступілі супраць рашэння Трампа і заявілі, што да заканчэння мірнага працэсу не лічаць правільным займаць нейкую адназначную пазіцыю наконт Іерусаліма. Прадстаўнік Вялікабрытаніі сказаў, што Іерусалім павінен стаць агульнай сталіцай дзвюх дзяржаў - Ізраіля і Палесціны. У праекце рэзалюцыі не згадваюцца ЗША, аднак выказваецца "глыбокае шкадаванне ў сувязі з нядаўнімі рашэннямі, якія датычацца статусу Іерусаліма".













