Савет Бяспекі ААН абмяркоўвае новыя звесткі па справе Скрыпалёў

6 сентября 2018

Іх напярэдадні падаў брытанскі бок. На гэтай сустрэчы настаяў Лондан.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі зноў абвінаваціла вышэйшае кіраўніцтва Расіі ў дачыненні да атручэння Сяргея Скрыпаля і яго дачкі. Паводле слоў Тэрэзы Мэй, двое абвінавачаных Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў - супрацоўнікі ГРУ. Імёны, хутчэй за ўсё, выдуманыя.

У Маскве ўсе абвінавачанні Лондана абвяргаюць. І заклікаюць перайсці ад маніпуляцый да супрацоўніцтва. Больш за тое, расійскае МЗС выявіла нестасоўкі ў пададзеных Скотлэнд-Ярдам доказах. Першым чынам - шмат прэтэнзій да здымкаў з камеры назірання ў аэрапорце. На двух кадрах - розныя падазроныя, але вось час паказаны адзін, з дакладнасцю да секунды. Ёсць яшчэ 2 фатаграфіі мужчын з аднолькавым фонам. Яны маглі быць зробленыя пасля прылёту, а значыць, у падазроных павінна быць брытанская віза.

Марыя Захарава, афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі: "Гаворка ідзе аб расійскіх грамадзянах, якія заязджалі на тэрыторыю Брытаніі з Расіі, яны павінны апрыёры мець брытанскую візу. Каб яе атрымаць, неабходна аформіць вялізную колькасць папер, падаць вялізную колькасць дакументаў і самае галоўнае - пакінуць адпячаткі пальцаў у пасольстве. І мы запыталі адпячаткі пальцаў, якія брытанскі бок нам, зразумела, адмовіўся даць, як і ўсе матэрыялы, якія мы прасілі раней".

Дзіўныя нестасоўкі ў справе Скрыпалёў актыўна абмяркоўваюцца і ў сацсетках. Апублікаваныя здымкі падазроных ужо сталі падставай для мноства жартаў і арыгінальных здагадак расіянаў. "Матрыца - яна існуе", "Прапускная здольнасць пагранічнага кантролю ў аэрапортах Вялікабрытаніі - два агенты ГРУ за секунду", - жартуюць яны. Саму гісторыю блогеры параўноўваюць з сюжэтам чарговага блокбастара, дзе ва ўсім вінаватыя "гэтыя рускія". А рэдактар англамоўнай "Медузы" амерыканец Кевін Ротрак адзначыў падабенства мужчын з персанажамі крымінальнага баевіка "Чырвоная спякота". Зрэшты, для іншых Пятроў і Башыраў больш падобныя на вядомых расійскіх комікаў Цімура Батрутдзінава і Гарыка Харламава.