З хуткасцю святла кітайскія навукоўцы вядуць распрацоўку бесправадных сетак

7 ноября 2013

Маякі бесправадных сетак. Такім тэрмінам навукоўцы з Шанхая завуць новую тэхналогію перадачы дадзеных Li-Fi, над якой яны зараз працуюць. У будучыні, гавораць стваральнікі, прылады, здольныя перадаваць інфармацыю з дапамогай мігатлівых святлодыёдных лямпаў, заменяць папулярны зараз радыёінтэрфейс.



Пра плюсы і мінусы тэхналогіі раскажа Дзяніс Бальшакоў.


У назве новага віду перадачы дадзеных змянілася ўсяго адна літара. Замест звыклага Wi-Fi навукоўцы кажуць Li-Fi. Тым самым скарачаюць два англійскія словы Light fidelity, якія і адлюстроўваюць усю сутнасць новага вынаходства. Якасны Інтэрнэт - сігнал зараз перадаецца не радыёхвалямі, а з дапамогай звычайных святлодыёдных лямпачак.


Чы Нань, прафесар Фуданьскага ўніверсітэта:


Сістэма складаная толькі на першы погляд. На справе ўсё проста. Гэты наўтбук прымае сігнал Інтэрнэту, ад яго ён ідзе ў гэты прыбор, назавем яго генератарам, у якім звыклы сігнал ператвараецца ў светлавы. А далей ён ужо распаўсюджваецца на ўсе нашы прылады. У гэтым выпадку ад гэтага Li-Fi роўтара працуе 6 камп'ютараў.


Новая тэхналогія, паводле слоў кітайскіх навукоўцаў, апярэджвае Wi-Fi адразу ў некалькіх пунктах. Па-першае, гэта хуткасць перадачы дадзеных. Тут яна можа даходзіць да 3 Гб за секунду. Пры гэтым энергіі для працы прылады неабходна ў тры разы менш, чым для звычайнага роўтара. Па-другое, новую тэхналогію можна выкарыстоўваць там, дзе цяперашні від перадачы дадзеных забаронены або недаступны. Напрыклад, у бальніцах і самалётах. А калі да такой сеткі падлучыць усе лямпы горада, то асвятленне стане ўдвая карысным.



Навукоўцы параўноўваюць прынцып працы прылады з маяком, які з узбярэжжа адпраўляе сігнал караблям. Пры гэтым у перспектыве карыснай функцыяй можна абсталяваць амаль любую крыніцу святла. Нават звычайны фанарык.


У гэтым мігаценні, якое не відаць чалавечаму воку, і складаецца асноўны прынцып тэхналогіі. Святло ад крыніцы ідзе нейкімі сігналамі, якія і перадаюць інфармацыю. Менавіта таму, паводле слоў скептыкаў, у тэхналогіі ёсць і мінусы. Бесперабойна яна пакуль працуе толькі ў прамым полі зроку.


Зараз прыладамі, якія працуюць з тэхналогіяй Li-Fi, адначасова займаюцца некалькі інстытутаў у Амерыцы, Еўропе і Азіі. Некаторыя нават паабяцалі выпусціць першыя ўзоры ў серыйную вытворчасць ужо ў наступным годзе. Пры такой канкурэнцыі ў шанхайскіх навукоўцаў ёсць добры стымул зрабіць гэта першымі.