Складаныя ўмовы надвор’я назіраюцца ў шэрагу еўрапейскіх краін

5 января 2017

На поўначы Германіі  аб’яўлены рэжым  надзвычайнай сітуацыі з-за ўраганнага ветру і паводкі. Паводле звестак метэаролагаў, гэтая  паводка можа стаць самай моцнай за апошнія 10 гадоў. У Ростаку, Любеку, Вісмары падтопленыя і пашкоджаныя дзясяткі будынкаў. Пешаходныя вуліцы залітыя вадой. На востраве Руген адзін з раёнаў  аказаўся поўнасцю адрэзаным. Узровень вады ўздоўж узбярэжжа Балтыйскага мора падняўся на паўтара метра. На дарогах павялічылася колькасць аварый з-за абледзянення. На поўдні і ўсходзе таксама чакаецца моцны мокры снег.

У сталіцы Даніі - Капенгагене – з-за паводкі затопленыя сотні дамоў. Пад вадой некаторыя вуліцы, падземныя пераходы і ніжнія паверхі будынкаў. Горад практычна зліўся з вадой - у порце не відаць, дзе заканчваецца бераг.

Румынію паралізаваў снегапад. Там аб’яўленыя аранжавы і жоўты ўзроўні трывогі. Вялікая колькасць снегу ўскладняе рух транспарту і работу выратавальных службаў. Таксама чакаецца паніжэнне тэмпературы паветра  да мінус 20-ці.

У Калінінградзе пасля надзвычайнага здарэння аэрапорт ізноў стаў прымаць і адпраўляць самалёты. Нагадаем,  у ноч на 4 студзеня самалёт, што прыбыў з Масквы, выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы - у лайнера па невядомай пакуль прычыне падламілася стойка шасі.

У Маскве ж з-за непагадзі аб’яўлена экстраннае папярэджанне: у сталіцу  Расіі  прыйдуць завея, снегапад і моцны вецер.