Следчы камітэт Расіі ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле "Тэрарыстычны акт"

3 апреля 2017

Пачнём з трагедыі ў Санкт-Пецярбургу. Сёння днём у метро Паўночнай сталіцы Расіі ў тунэлі паміж станцыямі "Сянная плошча" і "Тэхналагічны інстытут" прагрымеў выбух. Ёсць загінуўшыя. Паводле звестак на гэту гадзіну, іх не менш за 10, інфармацыя пастаянна абнаўляецца, вядома таксама пра 48 параненых. Магутнасць выбуху папярэдне склала 200-300 грамаў у тратылавым эквіваленце.

Пасля выбуху ўсе станцыі метро горада закрылі. Людзей тэрмінова эвакуіравалі. Пацярпелых - на верталётах. Месца здарэння абследавалі ўзрыватэхнікі ФСБ. Арганізаваны аператыўны штаб. Як паведамляецца, камеры відэаназірання знялі меркаванага арганізатара выбуху. Таксама сёння на станцыі метро "Плошча паўстання" было выяўлена і абясшкоджана выбуховае прыстасаванне, начыненае паражальнымі элементамі. Яго магутнасць у пяць разоў большая за тое, што ўзарвалася ў вагоне. Следчы камітэт Расіі ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле "Тэрарыстычны акт", але пры гэтым разглядаюцца і іншыя версіі. У Санкт-Пецярбургу з заўтрашняга дня - трохдзённая жалоба. Аддзяленне пасольства Беларусі ў Санкт-Пецярбургу ў кантакце з Цэнтрам кіравання крызіснымі сітуацыямі ўдакладняе, ці ёсць сярод пацярпелых беларусы.

Калі вашы блізкія знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу і не выходзяць на сувязь, вы можаце скарыстацца тэлефонам гарачай лініі: +7 919 1052494.