Памёр Прэзідэнт В'етнама Чан Дай Куанг

21 сентября 2018

Сумная навіна прыйшла сёння з В'етнама. Памёр прэзідэнт краіны Чан Дай Куанг ва ўзросце 61 года з-за цяжкага захворвання сэрца. Нягледзячы на ўсе намаганні мясцовых і замежных медыкаў, выратаваць яго не ўдалося. Спачуванні Генеральнаму сакратару Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В'етнама накіраваў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што свет пакінуў выбітны дзяржаўны і палітычны дзеяч, які прысвяціў жыццё самаадданаму служэнню сваёй краіне і яе народу.

Расказвае Вольга Анішчанка. Вышэйшую дзяржаўную пасаду краіны Чан Дай Куанг займаў ледзь больш як 2 гады. Кадравы афіцэр органаў дзяржбяспекі, член Палітбюро ЦК Кампартыі В'етнама, міністр грамадскай бяспекі, з 2016-га ён ужо на вышэйшым узроўні - стаў паслядоўнікам палітыкі, накіраванай на ўмацаванне сяброўскіх сувязяў афіцыйных Мінска і Ханоя.

Ужо праз год прэзідэнта сустракаюць у беларускай сталіцы ў суправаджэнні вялікай бізнес-дэлегацыі. Як знак - высокі ўзровень палітычнага разумення лідары заўсёды гатовыя замацаваць маштабнымі эканамічнымі праектамі.

Зрэшты, Беларусь неаднаразова падкрэслівае: В'етнам - важны партнёр і надзейны сябар на Паўднёвым Усходзе Азіі. Беларусы дапамагалі адстойваць краіне незалежнасць паўстагоддзя таму. Ды і нядаўна, калі рэгіён пацярпеў ад разбуральнага шторму, Беларусь не марудзіць з гуманітарнай дапамогай.

Цеснаму партнёрству чвэрць стагоддзя. Яно адзначана і поўнай узаемнай падтрымкай на міжнароднай арэне, і канкрэтнымі праектамі па лініі эканомікі, адукацыі, культуры, турызму.

Прыкметная адметнасць у дзелавых адносінах: В'етнам першым сярод краін далёкага замежжа афармляе пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам. Разлік на актывізацыю гандлёвага абмену, запуск новых вытворчых пляцовак. Мінск і Ханой упэўненыя: паўмільярда долараў у гандлі - рэальны паказчык будучай працы для бізнесу. Але трэба дадаваць ледзь ці не ўтрая...

На коне - зборка тэхнікі ад Мінскага аўтамабільнага, сумесныя "малочныя" праекты, зялёнае святло - беларускім будаўнікам. А ў снежні нашы кампаніі чакаюць у Хашыміне. На галоўнай перагаворнай пляцоўцы Азіяцкага рэгіёна - выставе "В'етнам Экспа". Як пацверджанне: калі моцная палітычная воля, любыя адлегласці - не перашкода.