Скандальна вядомы Рыгор Родчанкаў забірае свае словы назад і адыходзіць

26 апреля 2018

Скандальна вядомы расійскі хімік, інфарматар Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) Рыгор Родчанкаў забірае свае словы назад і адыходзіць.

Сёння на слуханнях у Спартыўным арбітражным судзе былы кіраўнік Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі адмовіўся ад цэлага шэрагу абвінавачанняў супраць расійскіх спартсменаў, паведамляецца на афіцыйным сайце суда. Родчанкаў б'е адбой, заявіўшы, што ніколі не даваў расійскім атлетам так званы допінгавы кактэйль "Дзюшэс". Больш за тое, апальны хімік падкрэсліў, што і зусім не бачыў, каб расіяне ўжывалі "Дзюшэс" або атрымлівалі інструкцыі па яго ўжыванні. А, нагадаем, менавіта шмат у чым дзякуючы сведчанням Рыгора Родчанкава Рычард Макларэн апублікаваў свой даклад, паводле якога нашы ўсходнія суседзі пазбавіліся цэлага россыпу ўзнагарод Гульняў у Сочы, а Алімпійскі камітэт Расіі быў дыскваліфікаваны, з-за чаго не быў дапушчаны да ўдзелу на Алімпіядзе ў Пхёнчхане, дзе расіяне выступалі пад нейтральным флагам.

Пакуль незразумела, як на ўсё гэта адрэагуюць расійскія спартыўныя чыноўнікі, але здаецца, што зараз прэтэнзіі на адрас расійскіх спартсменаў зусім страчваюць устойлівасць. Мы сочым за развіццём сітуацыі.