СК Расіі назваў тры прыярытэтныя версіі авіякатастрофы ў аэрапорце Шарамеццева

6 мая 2019

Следчы камітэт Расіі назваў тры прыярытэтныя версіі авіякатастрофы ў аэрапорце Шарамеццева. Гэта недастатковая кваліфікацыя пілотаў і дыспетчараў, няспраўнасць судна і неспрыяльныя метэаўмовы. Высветліць прычыны здарэння дапамогуць чорныя скрыні - яны ўжо выяўленыя. Узятыя ўзоры паліва з бакаў авіялайнера. Паводле апошняй інфарамыцыі, у катастрофе з 78 чалавек, якія былі ў самалёце, загінуў 41. Беларусаў сярод ахвяр няма. 

Спачуванні ў сувязі з трагедыяй Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, родным і блізкім загінуўшых ад імя народа і сябе асабіста выказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.  "У Беларусі з глыбокім смуткам і болем успрынята трагічная вестка аб пажары на борце пасажырскага самалёта авіякампаніі "Аэрафлот" у маскоўскім аэрапорце Шарамеццева, які пацягнуў шматлікія чалавечыя ахвяры", - гаворыцца ў спачуванні. Кіраўнік дзяржавы пажадаў хутчэйшага выздараўлення пацярпелым. 

Трагедыя, нагадаем, адбылася напярэдадні вечарам. Лайнер вылецеў з маскоўскага Шарамеццева ў Мурманск, і на вышыні двух кіламетраў экіпаж падаў сігнал бедства. У самалёт трапіла маланка, у выніку перастала працаваць электраабсталяванне, знікла сувязь, запасныя каналы не працавалі, таму лётчыкі не змаглі скінуць паліва. Праз 28 хвілін пасля ўзлёту яны саджалі самалёт практычна ўсляпую. Прызямліцца ўдалося толькі з другога разу. Пасля жорсткай пасадкі і ўдараў аб зямлю ў Superjet 100 надламалася стойка шасі.  Верагодна, яе абломкі прабілі паліўныя бакі. Лайнер загарэўся.  Полымя патушылі за 18 хвілін. Пасажыры пакінулі борт за 55 секунд. Але гэтага ўсё роўна апынулася недастаткова, каб вывесці кожнага. Эвакуіраваць атрымалася 37 чалавек. 

Згарэлы борт быў выраблены на заводзе ў Камсамольску-на-Амуры і паступіў у "Аэрафлот" у верасні 2017 года. Ён меў адносна невялікі налёт і здзяйсняў пераважна кароткія пералёты. Па даных газеты "Коммерсант",  у Superjet 100 год таму быў сур'ёзны тэхнічны збой - падчас паніжэння ў самалёта не выпусціліся закрылкі, але тады палёт завяршыўся шчасна. У Мурманскай вобласці трохдзённая жалоба. Жыхары нясуць кветкі да аэрапорта горада. Яшчэ адзін стыхійны мемарыял арганізаваны ля помніка Ахвярам інтэрвенцыі ў цэнтры Мурманска. Сімвалічнае месца памяці загінуўшых арганізавана і ў Маскве ў аэрапорце Шарамеццева.