СК Расіі назваў тры асноўныя версіі авіякатастрофы ў аэрапорце Шарамеццева

6 мая 2019

Следчы камітэт Расіі назваў тры прыярытэтныя версіі авіякатастрофы ў Шарамеццеве. Гэта недастатковая кваліфікацыя пілотаў і дыспетчараў, няспраўнасць судна і неспрыяльныя метэаўмовы. Высветліць прычыны здарэння дапамогуць чорныя скрыні - спецыялісты ўжо пачалі іх расшыфроўку. Узятыя ўзоры паліва з бакаў авіялайнера. Следчыя дзеянні на месцы здарэння завершаныя. Паводле апошніх звестак, у катастрофе з 78 чалавек, якія былі ў самалёце, загінуў 41. Беларусаў сярод ахвяраў няма.

Спачуванні ў сувязі з трагедыяй Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, родным і блізкім загінуўшых ад імя народа і сябе асабіста выказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. "У Беларусі з глыбокім смуткам і болем успрынята трагічная вестка аб пажары на борце пасажырскага самалёта авіякампаніі "Аэрафлот" у маскоўскім аэрапорце Шарамеццева, пацягнуўшым шматлікія чалавечыя ахвяры", - гаворыцца ў спачуванні. Кіраўнік дзяржавы пажадаў скарэйшага акрыяння пацярпелым.

Трагедыя, нагадаем, адбылася напярэдадні ўвечары. Лайнер вылецеў з маскоўскага Шарамеццева ў Мурманск і на вышыні двух кіламетраў экіпаж падаў сігнал бедства. Разабрацца ў прычынах даручана спецыяльнай камісіі. Хто вінаваты - удар маланкі або памылка пілотаў? Калі будзе гатовая расшыфроўка чорных скрынь? І чаму не атрымалася эвакуіраваць усіх пасажыраў?

З Масквы перадае наш уласны карэспандэнт Дар'я Белавусава-Пятроўская. Кветкі, дзіцячыя цацкі і слёзы на вачах. Цэлы дзень у тэрмінал аэрапорта Шарамеццева прыходзяць людзі. Менавіта адгэтуль учора ў Мурманск адправіўся рэйс з Масквы. А сёння табло раскладу вылетаў ператварылася ў імправізаваны мемарыял. Нагадаем, трагедыя адбылася напярэдадні ўвечары. Самалёт расійскіх авіяліній вылецеў з Шарамеццева ў Мурманск. Але праз паўгадзіны палёту, паводле слоў пілотаў, у лайнер трапіла маланка. Адключылася электроніка і прапала радыёсувязь.

Экіпаж прыняў рашэнне вярнуцца ў Маскву. Падчас экстраннай пасадкі лайнер 4 разы стукнуўся аб зямлю. Зламаныя шасі прабілі бензабакі, і хвост самалёта загарэўся. Эвакуацыя пасажыраў заняла 55 секунд, але з 78 чалавек выбрацца атрымалася толькі палове. Зараз у Шарамеццеве і кампаніі "Аэрафлот" ідуць праверкі. У прычынах трагедыі разбіраецца спецыяльная камісія. Ідзе апытанне сведак - гэта выжыўшыя пасажыры рэйса і члены экіпажа. Таксама спецыялісты пачалі расшыфроўку чорных скрынь. На гэта можа сысці некалькі тыдняў.

Следчы камітэт Расіі называе тры асноўныя версіі трагедыі. Гэта недастатковая кваліфікацыя пілотаў і дыспетчараў, няспраўнасць судна і неспрыяльныя метэаўмовы. Таксама будуць правяраць інфармацыю аб тым, што некаторыя пасажыры сталі ратаваць сваю ручную паклажу і затрымалі эвакуацыю тых, хто апынуўся ў хвасце самалёта. З-за гэтага людзі атруціліся ўгарным газам. Сёння з Мурманска ў Маскву прыбыў рэйс са сваякамі загінуўшых. У іх пройдзе няпростая працэдура апазнання. З усімі працуюць псіхолагі.

Згарэлы борт зроблены на заводзе ў Камсамольску-на-Амуры і паступіў у "Аэрафлот" у верасні 2017-га. У яго адносна невялікі налёт, бо лайнер здзяйсняў пераважна кароткія пералёты. Тым не менш, паводле даных газеты "Коммерсантъ", у Superjet-100 год таму быў сур'ёзны тэхнічны збой - падчас паніжэння не выпусціліся закрылкі. Тады ўсё завяршылася паспяхова. У гэты раз загінулі больш як 40 чалавек. У Мурманскай вобласці аб'яўленая трохдзённая жалоба.