Сітуацыю ў Венесуэле абмяркоўваюць у Нью-Ёрку

26 января 2019

Тут праходзіць экстраннае адкрытае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН. Ініцыятарам склікання сталі ЗША. Нікалас Мадура прывітаў такое рашэнне і заявіў, што адкрыты да дыялогу і перамоў. Законна абранага прэзідэнта падтрымлівае венесуэльская армія.

Дарэчы, у сярэдзіне лютага ў Венесуэле пройдуць вучэнні па абароне меж ад магчымага ўварвання. Раней ЗША не выключылі магчымасці ваеннага ўмяшання ў справы суверэннай краіны.

Сёння ж Банк Англіі прыняў рашэнне не задавальняць просьбу Венесуэлы аб вяртанні ў краіну залатых зліткаў на суму больш як мільярд долараў. Аб гэтым паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы. Такое рашэнне цэнтрабанк каралеўства прыняў пасля просьбаў афіцыйных асоб ЗША "дапамагчы адрэзаць доступ венесуэльскага рэжыму да замежных актываў". Нагадаем, у адпаведнасці з патрабаваннем афіцыйнага Каракаса Штаты адклікалі частку сваіх дыпламатаў.

Нікалас Мадура, прэзідэнт Венесуэлы: "Дзяржсакратар ЗША сказаў учора, што ў яго ёсць 20 мільёнаў долараў, каб аказаць гуманітарную падтрымку новаму часоваму ўраду. Я гавару: як танна, сеньёр Пампеа, 20 мільёнаў долараў - гэта ўсё, што вы можаце даць Гуайда? Вы прапаноўваеце ўсяго толькі 20 мільёнаў долараў за дзяржпераварот? Можа, хтосьці збіраецца даць больш? Можа, аб'явіце аўкцыён?".

Дарэчы, услед за Францыяй і Іспаніяй Германія высунула патрабаванні па прызнанні прэзідэнта Венесуэлы. Калі на працягу васьмі дзён Нікалас Мадура не аб'явіць аб выбарах, ФРГ прызнае часовым прэзідэнтам апазіцыйнага лідара Хуана Гуайда. Ён падчас мітынгу ў Каракасе супраць законнага прэзідэнта Венесуэлы 23 студзеня аб'явіў сябе часовым кіраўніком дзяржавы.