Бакі канфлікту ў парушэнне мінскіх дамоўленасцяў працягваюць перыядычна абменьвацца ўдарамі, у тым ліку з выкарыстаннем артылерыі і мінамётаў, што фіксуюць назіральнікі АБСЕ. Асноўнымі гарачымі пукнтамі ў Данецкай вобласці застаюцца заходнія ўскраіны самога Данецка, населеныя пункты Шырокіна, Мар'інка, Горлаўка і Пяскі. У Луганскай вобласці пунктамі напружанасці застаюцца сёлы: Першамайскае, Калінаўка, Станіца Луганская.
Між тым складаная эканамічная сітуацыя ў краіне ў цэлым прымушае ўлады Украіны ў пошуках дадатковых сродкаў і рэсурсаў ісці на непапулярныя меры. Паведамляецца, што ўрад ужо пачаў абмеркаванне пытання аб перадачы дзяржаўнай мытні ў кіраванне замежным кампаніям. Ініцыятары рэформы такім чынам спадзяюцца перамагчы карупцыю ў мытнай службе краіны. Сёння Кабінет міністраў Украіны ўнёс змяненні ў палажэнне аб ваенна-транспартным абавязку. Згодна з дакументам, падчас мабілізацыі ў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый незалежна ад формы ўласнасці будзе канфіскоўвацца транспарт "для патрэб Узброеных сіл". З пачатку красавіка ва Украіне па патрабаванні МВФ значна павялічыліся тарыфы на газ, электраэнергію і ваду. Цана на газ, напрыклад, вырасла амаль на 300%. Згодна з прагнозамі, блакітнае паліва будзе даражэць на працягу наступных двух гадоў.













