Моцныя снегапады абрынуліся на Еўропу

27 ноября 2013

Моцныя снегапады абрынуліся мінулай ноччу на шматлікія краіны Еўропы. Пад уладай цыклону апынуліся Іспанія, Аўстрыя, Польшча, Балканы. У цэнтральнай частцы Італіі намяло амаль паўметровыя гурбы. Рух на дарогах быў паралізаваны. Аўтамабілістаў не ратуюць нават ланцугі на колах. У шэрагу дзяржаў з перабоямі працуюць аэрапорты. Нават у самых паўднёвых рэгіёнах тэмпература апусцілася да мінус 13 градусаў.


Расказвае Андрэй Нікалаенка. Яны рыхтаваліся да зімы, але, як заўсёды, не паспелі. Камунальныя службы шэрагу краін Еўропы сёння працуюць у аўральным рэжыме. Мінулым днём і ноччу снежнай заслонай накрыла практычна ўвесь поўдзень кантынента. За нейкія паўгадзіны ў цэнтральнай частцы Італіі выраслі паўметровыя гурбы. Камунальнікі не паспяваюць расчышчаць трасы, рух транспарту фактычна паралізаваны. Вадзіцеляў заносіць на слізкай дарозе, не ратуюць нават ланцугі на колах.


Нават Папа Рымскі Францыск з'явіўся на імшы ў новым уцепленым уборы. Ён прывітаў мужнасць вернікаў, якія сабраліся на плошчы Святога Пятра, нягледзячы на зімовую сцюжу. З-за галалёду рэзка павялічылася колькасць аварый у Польшчы. Тут у кювет упаў школьны аўтобус. На шчасце, усе пасажыры абышліся лёгкім спалохам.


У Балгарыі з-за непагадзі аб'яўлены другі па складанасці, аранжавы, узровень небяспекі. З-за снежнай буры там спынены рух грузавога транспарту, а ў гарах закрытыя ўсе перавалы. З перабоямі працуюць аэрапорты.


Сапраўдная зіма запанавала на Балканах. Пад уладай снежнай стыхіі апынуліся Харватыя, Боснія і Герцагавіна. Моцны вецер, парывы якога дасягаюць 120 кіламетраў за гадзіну, пашкодзіў лініі электраперадачы. Паралізаваны транспартныя зносіны. З-за гурбаў на дарогах шматлікія мясцовыя жыхары сёння не змаглі своечасова дабрацца да працы.


Акрамя таго, у рэгіёне ўсталяваліся небывалыя для гэтага часу маразы. Слупкі тэрмометраў упалі да адзнакі мінус 13 градусаў. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, у найбліжэйшы час сітуацыя ў цэлым па Еўропе толькі пагоршыцца. Снегапады будуць працягвацца тут яшчэ некалькі дзён. Найбольш моцныя ападкі чакаюцца ў Балгарыі, Румыніі і паблізу італьянскай Сардзініі, якая літаральна напярэдадні аплаквала ахвяры небывалай паводкі.