Наймацнейшы за апошнія некалькі гадоў ураган "Нікалс" прайшоўся па краінах Заходняй Еўропы

1 апреля 2015

Вецер быў такой сілы, што зрываў дахі з дамоў, паваліў некалькі сотняў дрэў і рэкламных білбордаў. У некаторых краінах прыпыненыя чыгуначныя зносіны, рух аўтобусаў, адмененыя авіярэйсы. Ёсць ахвяры: у Германіі загінулі 9 чалавек. Зараз цыклон набліжаецца і да Беларусі - сёння то ліў дождж з градам і мокрым снегам, то свяціла сонца. А на заўтра сіноптыкі і зусім аб’явілі штармавое папярэджанне. І, тым не менш, хвалявацца не варта, гавораць эксперты: цыклон страціў сваю моц і наступствамі Беларусі не пагражае. Наступствы "Нікалса" і найбліжэйшыя прагнозы - у Кацярыны Шыбко.

Ахвярамі цыклона па імені "Нікалс" у Германіі сталі 9 чалавек, і, паводле слоў паліцыі, лік пацярпелых можа павялічыцца. Вецер быў такой сілы, што зрываў дахі з дамоў, паваліў некалькі сотняў дрэў і рэкламных білбордаў. У аэрапорце Франкфурта-на-Майне з-за непагадзі адмянілі каля 150 рэйсаў, эвакуіравалі пасажыраў з вакзала Мюнхена.

Стыхія прайшлася таксама па Аўстрыі, Швейцарыі, Чэхіі і Польшчы. У найболей пацярпелых рэгіёнах нават вымушаныя былі на час спыніць рух цягнікоў і аўтобусаў. З Заходняй Еўропы стыхія пачала ссоўвацца ў бок Прыбалтыкі, адтуль - ужо да нас.

Тым не менш, хвалявацца беларусам не варта: па дарозе да нас, гавораць сіноптыкі, "Нікалс" сілы свае растраціў і сур'ёзныя праблемы наўрад ці ўжо здольны прынесці. Гэта, у прынцыпе, агульная тэндэнцыя ўсіх цыклонаў з Атлантыкі, якія прыходзяць у Беларусь.

Дзмітрый Рабаў, начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Гідраметэацэнтра: "Да нас яны прыходзяць ужо больш саслабелыя – так, вятры ёсць, але не такія магутныя і моцныя. Найболей небяспечныя для нас як раз цыклоны паўднёвыя, якія ўтвараюцца над Чорным морам, над Украінай".

Тым не менш, на заўтра сіноптыкі аб’явілі штармавое папярэджанне. У некаторых раёнах раніцай парывы ветру будуць дасягаць 15-20 метраў за секунду.

У Еўропе парывы ветру падчас "Нікалса" дасягалі 40 метраў за секунду. Толькі небяспечным і разбуральным цыклонам прысвойваецца імя. Гэтым займаецца нямецкі метэаралагічны інстытут. Прычым, у асноўным у камерцыйных мэтах. Любы магутны цыклон можа быць названы ў гонар кагосьці за пэўную суму.

"Нікалс" у Беларусі будзе гасцяваць нядоўга - ужо ў пятніцу цыклон зрушыцца ў бок Санкт-Пецярбурга. Тым не менш, халоднае надвор'е з дажджом і мокрым снегам у нас усё яшчэ захаваецца як мінімум да 10 красавіка. І толькі пасля, прагназуюць сіноптыкі, красавік стане па-сапраўднаму вясновым.