Новы раўнд дыскусій прайшоў некалькі гадзін назад у амерыканскім Сэнт-Луісе. Кандыдаты ў прэзідэнты ў самым пачатку паядынку паказалі неспартыўныя паводзіны - і адмовіліся ціснуць адно аднаму рукі. І літаральна з першага пытання пачаліся слоўныя сваркі. Клінтан нагадала Трампу пра "сексуальны" скандал, у цэнтры якога мільярдэр апынуўся з-за непрыстойных выказванняў у адрас жанчын.
Дональд Трамп, кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі:
"Мне сорамна за тыя словы, якія я аднойчы вымавіў. У мяне ёсць вялізная павага да жанчын. Паглядзіце на Біла Клінтана. Ён рабіў куды горшыя рэчы. З майго боку былі толькі словы, з яго - дзеянні. Яшчэ ніколі ў гісторыі ЗША не было ніводнага палітыка, чыё стаўленне да жанчын было б настолькі абразлівым".
Рэспубліканец успомніў перапіску Хілары Клінтан. Дакладней - момант узлому электроннай пошты, калі тая была дзяржсакратаром. Трамп паабяцаў, што ў выпадку абрання даручыць пракуратуры праверыць яе імэйл.
Хілары Клінтан, кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі:
"Я ўжо не раз гаварыла гэта, але паўтаруся зноў. Выкарыстанне асабістай электроннай пошты было памылкай, і я бяру на сябе поўную адказнасць за гэты ўчынак. Відавочна, што я ўжо не паўтару такой памылкі. Я не шукаю апраўданняў, гэта была памылка. Я прыношу свае прабачэнні".
У кожнага саперніка было па дзве хвіліны на адказ на пытанні вядучых і гледачоў. Кандыдаты паспелі абмеркаваць ахову здароўя, іслам у ЗША, ролю Расіі ў Сірыі. Апошняе пытанне з залы датычылася таго, што кандыдаты паважаюць адно аднаго. Клінтан пахваліла дзяцей Трампа, а рэспубліканец - той факт, што Хілары не здаецца. Заключны раўнд тэледэбатаў пройдзе 19 кастрычніка.













