Шэдэўры - з кладоўкі

5 ноября 2013
У Германіі знойдзены больш за паўтары тысячы вядомых карцін, якія зніклі ў гады Вялікай Айчыннай. Увесь гэты час яны захоўваліся ў Мюнхене ў звычайнай кватэры, дзе жыве 80-гадовы пенсіянер Карнэліус Гурліт. Калекцыю яму пакінуў бацька, які быў мастацтвазнаўцам у часы Трэцяга рэйха. Менавіта яму гітлераўскія ўлады даручылі прадаць за мяжу канфіскаваныя з музеяў карціны, якія былі аб'яўлены дэгенератыўным мастацтвам. Гэтым тэрмінам нацысты абазначалі творы мастакоў-авангардыстаў, якія не ўпісваліся ў афіцыйнае мастацтва. Сярод знойдзеных работ - палотны Пабла Пікасо, Марка Шагала, Анры Маціса, Альбрэхта Дзюрэра. Толькі па прыблізных падліках кошт збору ацэньваецца ў мільярд еўра.

Дарэчы, выявіць карціны атрымалася выпадкова. Карнеліуса Гурліта вырашылі праверыць на мытні, калі той выязджаў са Швейцарыі. Пры ім была буйная сума грошай, паходжанне якой мужчына адмовіўся назваць. У сувязі з гэтым у яго доме правялі вобыск, падчас якога і былі знойдзены шэдэўры, што лічыліся згубленымі. Зараз яны часова змешчаны ў сховішча. На некаторыя з іх ужо заяўляюць правы спадчыннікі ўладальнікаў карцін.