Паўночны ўсход ЗША пад уладай моцных снежных бур

27 января 2015

Метэаролагі ўжо назвалі шторм адным з самых суровых у гісторыі. У Нью-Ёрку выпала больш як сто міліметраў ападкаў. У горадзе спыніўся рух транспарту, закрыліся школы. Апошні раз да такіх мер бяспекі звярталіся тры гады таму - падчас урагану "Сэндзі". Усе падрабязнасці ў Юліі Табалевіч.

Снежная бура, якую завуць няйначай як гістарычнай, паралізавала ўсход Канады і ЗША. У рэгіёне ідзе снег, дзьме моцны вецер, і ў найбліжэйшыя гадзіны сітуацыя толькі пагоршыцца. Чакаецца, што месцамі можа выпасці да метра ападкаў. Усё гэта суправаджаецца моцнымі парывамі ветру. Гэта значыць дзве стыхіі, злучаныя ў адну. Рэжым надзвычайнай сітуацыі ўжо ўведзены ў шасці амерыканскіх штатах.

Біл дэ Блазіа, мэр Нью-Ёрка: "Маё паведамленне ўсім жыхарам Нью-Ёрка - падрыхтавацца да горшага за ўсе часы шторму. Рыхтуйцеся прыняць усе меры засцярогі ва ўмовах экстрэмальнага надвор'я. Не варта недаацэньваць гэты шторм. Пераадолець яго мы зможам толькі ўсе разам".

Камунальныя службы заклікаюць грамадзян без патрэбы не выходзіць на вуліцу, назапасіцца ежай, а таксама батарэйкамі на выпадак адключэння электраэнергіі. У супермаркетах на выхадных утварыліся доўгія чэргі. З паліц магазінаў забіралі літаральна ўсё: ад хлеба да запалак. Гарадскія службы ўжо закрылі ўсе офісы і школы. У стан павышанай гатовасці прывялі не толькі выратавальныя службы, але і нацыянальную гвардыю ў штаце Нью-Ёрк. Непагадзь ужо зрабіла папраўкі ў раскладзе вылетаў: за апошнія суткі адмянілі шэсць тысяч рэйсаў. Пакуль невядома, колькі пратрымаецца такое надвор'е, але сіноптыкі ўпэўненыя, што як мінімум некалькі дзён, але, магчыма, і даўжэй. Так ці інакш, паводле прагнозаў, стыхія закране не меней за шэсцьдзясят мільёнаў чалавек. Разам са снегам метэаролагі прагназуюць ледзяныя дажджы і моцныя парывы ветру. Анамальныя ўмовы надвор’я - гэта заўсёды транспартны калапс, шматмільярдныя страты і чалавечыя ахвяры.