Серыю законапраектаў разгледзіць Вярхоўная рада Украіны

16 сентября 2014
Вярхоўная рада Украіны разгледзіць сёння серыю законапраектаў па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе краіны. Размова ідзе наконт ініцыятыў, прадугледжаных мінскімі дамоўленасцямі паміж Масквой, Кіевам і апалчэнцамі. Сярод іх праекты законаў аб амністыі для ўдзельнікаў узброенага супрацьстаяння і аб асаблівым статусе для некаторых раёнаў Данбаса.

У цэлым перамір'е на ўсходзе Украіны пакуль захоўваецца. Аднак перыядычна прыходзяць паведамленні аб асобных сутычках паміж сілавікамі і апалчэнцамі. ААН распаўсюдзіла сёння чарговую справаздачу наконт колькасці ахвяр канфлікту - іх ужо больш за 3 тысячы 100 чалавек. Яшчэ звыш 8 тысяч атрымалі раненні.