Уступіла у сілу часовая забарона на палёты расійскіх авіякампаній у Егіпет

9 ноября 2015

Сёння ўступіла у сілу часовая забарона на палёты расійскіх авіякампаній у Егіпет да высвятлення акалічнасцяў крушэння аэробуса на Сінаі. Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Выключэнне зроблена для рэйсаў, якімі ў Арабскую Рэспубліку адпраўляюць супрацоўнікаў экстранных і спецыяльных службаў. Раней у Егіпет прыляцелі расійскія спецыялісты, якія разам з егіпецкімі калегамі будуць праводзіць праверку ўзроўню бяспекі ва ўсіх асноўных аэрапортах краіны. З меркаванняў бяспекі прыпынілі палёты і іншыя краіны. Усе падрабязнасці - у Юліі Табалевіч.

Расійскія турысты вяртаюцца з краіны пірамід. Забарона тычыцца ўсіх рэйсаў - чартарных, рэгулярных і транзітных. Дзеля бяспекі з сабою на борт можна ўзяць толькі самае неабходнае - ручную паклажу. Багаж едзе асобна.

Ва ўсіх аэрапортах Егіпта вайскоўцы краіны ўзялі пад кантроль афармленне пасажыраў на рэйсы. Толькі за апошнія суткі з курортаў Чырвонага мора вывезена больш за 15 тысяч расіян. Надгляд пасажыраў стаў больш жорсткім, з-за чаго ўтвараюцца чэргі.

Прыпыніла палёты ў краіну пірамід не толькі Расія. Не лятаюць таксама Вялікабрытанія, Бельгія, Літва, Латвія Ірландыя і Нідэрланды. Гэта моцны ўдар па турыстычнай галіне Егіпта. Яна забяспечвае 11% ВПП. Прагназуемыя страты краіны толькі на зімовыя канікулы - больш за 500 мільёнаў долараў. Пад пагрозай зрыву і ўвесь высокі сезон. Паводле звестак газеты "Ведомости", прыкладная сума страт Асацыяцыі тураператараў Расіі ад забароны на палёты ў Егіпет можа скласці каля 56,5 мільёна долараў. Паводле звестак аб'яднання, толькі пуцёвак з датай вылету да Новага года прададзена 70 тысяч. Кампаніі ўжо зараз страчваюць грошы, адпраўляючы пустыя самалёты ў Егіпет, каб забраць адтуль турыстаў.

Між тым камісія па расследаванні катастрофы на Сінаі расказала пра першыя вынікі расшыфроўкі чорных скрынь. Эксперты ўстанавілі, што да таго моманту, як запіс быў рэзка спынены, абсталяванне самалёта працавала ў штатным рэжыме. Інфармацыі аб паломцы сістэм і агрэгатаў зарэгістравана не было. Бартавы рэгістратар спыніў запіс падчас набору вышыні, калі самалёт дасягнуў амаль 9 з паловай тысяч метраў. Пра гэта паведамляецца на сайце Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта. 

СМІ пішуць, што следчыя і эксперты Расавіяцыі, выявілі дзірку дзіўнай формы ў хваставой частцы лайнера. Вынікі экспертыз паказалі, што менавіта адсюль магло пачацца разбурэнне корпуса самалёта. А гэта сведчыць альбо пра выбух на борце, альбо пра тэхнічную зношанасць металаканструкцый, якія лопнулі. Пробы з бакоў адтуліны накіраваны на хімічную экспертызу. Камісія працягвае сваю працу. І пакуль не выключаецца ні адна з версій здарэння. Але ўсе бакі, якія праводзяць расследаванне, настойваюць на недапушчальнасці паспешных высноў. Атрыманыя звесткі аб прычынах найбуйнейшай у гісторыі расійскай авіяцыі катастрофы павінны быць аб'ектыўнымі і пацверджаны фактамі. Асноўная задача зараз - давесці расследаванне да канца максімальна дэталёва.