Увесь палітычны свет, ды і не толькі, уразіла сумная навіна аб сыходзе з жыцця пастаяннага прадстаўніка Расіі пры ААН Віталя Чуркіна. Ён раптоўна памёр напярэдадні ў Нью-Ёрку - літаральна за дзень да свайго юбілею. Сёння Віталю Чуркіну споўнілася б 65 гадоў. Масквічы нясуць кветкі і свечкі да будынка МЗС у сталіцы Расіі, каб ушанаваць памяць чалавека, які адстойваў інтарэсы краіны на сусветнай арэне і запомніўся ўсім як выбітны дыпламат, які спрытна адхіляў нападкі апанентаў. Працы на дыпламатычнай ніве ён аддаў 40 гадоў свайго жыцця. Сёння пастаянны прадстаўнік Расіі пры ААН Віталь Чуркін пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Мужнасці. Указ падпісаны ў Крамлі.
У МЗС Расіі Віталь Чуркін прыйшоў працаваць адразу пасля заканчэння МДІМА ў 1974. Быў перакладчыкам, прэс-сакратаром, паслом у Канадзе і Бельгіі. І менавіта сюды сёння простыя масквічы і госці сталіцы прыносяць кветкі, запальваюць свечкі, каб развітацца з адным з самых таленавітых дыпламатаў сучаснасці.
Дыпламатычнай працы Віталь Чуркін прысвяціў больш за 40 гадоў. Апошнія 10 ён працаваў на адной з самых адказных пасад - пастаянным прадстаўніком Расійскай Федэрацыі пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Менавіта на гэтай працы ён і запомніўся шырокай аўдыторыі - асабліва яго пікіроўкі з заходнімі дыпламатамі, вострыя адказы і яркія прамовы. Шматлікія яго выступленні разляталіся на цытаты, якія станавіліся афарызмамі.
Адной з галоўных суперніц Чуркіна па слоўных баталіях была прадстаўніца ЗША Саманта Паўэр, вядомая сваёй жорсткай антырасійскай пазіцыяй. Ёй даставалася больш за іншых.
У снежні мінулага года Паўэр вылілася тырадай аб сітуацыі ў сірыйскім Алепа, у прыватнасці, што яны ўстануць "у адзін рад з падзеямі сусветнай гісторыі, якія вызначаюць сучаснае разуменне зла".
Віталь Чуркін (1952-2017 гг.):
"Асабліва дзіўным мне здалося выступленне прадстаўніка Злучаных Штатаў, якая пабудавала сваю прамову, як быццам яна маці Тэрэза. Вы ўспомніце, якую краіну вы прадстаўляеце! Успомніце паслужны спіс сваёй краіны! І потым ужо пачынайце разважаць з пазіцый маральнай перавагі. А хто ў чым вінаваты, я мяркую, што гісторыя і Бог разбяруцца".
Рэдкі апанент мог пазбегнуць яркага і з'едлівага адказу з боку расійскага дыпламата. У кастрычніку 2016 года амерыканскі прадстаўнік чарговы раз абвінаваціла Расію ў бамбардзіроўках мірнага насельніцтва ў Алепа. У якасці доказу Паўэр прад'явіла лістоўкі, якія, нібы, раскідвала расійская авіяцыя. У падтрымку ЗША выступіў намеснік Генеральнага сакратара ААН Стывен О'Браен, перафразаваўшы твор шатландскага паэта Роберта Бёрнса, ён заявіў, што "калі сірыйцы перажывуць сёння, то будуць галадаць заўтра". Чуркін у адказ паказаў дыпламату на нейкую недарэчнасць вершаваных выразаў на міжнароднай пляцоўцы.
Віталь Чуркін (1952-2017 гг.):
"Містар О'Браен, калі б нам патрэбна была пропаведзь, мы пайшлі б у царкву. Калі б мы жадалі чуць вершы, мы б пайшлі ў тэатр. Ад кіраўнікоў ААН, асабліва калі яны запрашаюцца на пасяджэнне Савета Бяспекі, чакаеш аб'ектыўнага аналізу таго, што адбываецца. У вас гэтага відавочна не атрымалася".
Зрэшты, нягледзячы на ўсе дыпламатычныя слоўныя выбрыкі, якія адбываліся ў сценах ААН, сёння з розных краін прыходзяць спачуванні. Так, ужо былы пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Саманта Паўэр выказала спачуванні ў сувязі са смерцю свайго калегі. І назвала Віталя Чуркіна "маэстра дыпламатыі" і "глыбока неабыякавым чалавекам, які зрабіў усё, што мог, каб пераадолець рознагалоссі ЗША і Расіі".
Чуркін параўноўваў працу дыпламатаў з працай сталявараў: штодзённы 12-гадзінны працоўны дзень і перыядычныя начныя дбанні на доўгіх і складаных пасяджэннях з'яўляліся для яго правілам, а не выключэннем. Дыпламат быў яркім і паслядоўным абаронцам расійскіх інтарэсаў у перыяд самых вострых міжнародных крызісаў. Ён заўсёды ўмеў знайсці патрэбныя словы.
Дарэчы, у дзяцінстве Віталь Чуркін марыў іграць у кіно, падлеткам ён нават зняўся ў некалькіх фільмах. Магчыма, таму яркія выступленні ў яго дыпламатычнай кар'еры былі так напоўненыя эмоцыямі і перажываннямі.
Віталь Чуркін памёр на баявым пасту, прама ў сваім кабінеце ў расійскай місіі ААН у Нью-Ёрку. Папярэдняя прычына смерці - сардэчная недастатковасць. Сёння брыльянту расійскай дыпламатыі (так звалі яго калегі) споўнілася б 65 гадоў.













