Сёння ў Бруселі адкрываецца чарговы саміт Еўрасаюза

27 июня 2013

Галоўныя тэмы - шляхі выхаду з цяжкай эканамічнай сітуацыі і паніжэнне беспрацоўя. Усю мінулую ноч міністры ЕС па эканоміцы і фінансах распрацоўвалі тэкст дырэктывы. Паводле новых еўрапейскіх правілаў, першымі страты пры банкруцтве або рэструктурызацыі банкаў панясуць акцыянеры, затым крэдыторы і трымальнікі дэпазітаў звыш 100 тысяч еўра.

Расказвае Аляксандра Пінчук.


Поўны легальны тэкст новай дырэктывы зараз павінна дапрацаваць Еўракамісія, пасля чаго ён павінен прайсці праз Еўрапарламент. Аднак, папярэджваюць эксперты, ЕС пагражае праблема больш сур'ёзная. Рост сумненняў у мэтазгоднасці самога саюза - выклік мацнейшы за крызіс. Еўрасаюз як палітычная і эканамічная арганізацыя не апраўдвае надзей, якія ўскладаліся на яго пры стварэнні. Так лічыць усё большая частка насельніцтва ЕС. У Грэцыі, Францыі, Італіі скептыкаў ужо больш за 70%.

У Партугаліі гэтая лічба не нашмат ніжэйшая.

У Партугаліі сёння праходзіць усеагульная 24-гадзінная забастоўка. Яна аб'яўленая двума буйнымі прафсаюзамі, нязгоднымі з эканамічнай палітыкай урада і Еўрапейскага саюза.

У Партугаліі звыш 40% маладых людзей не працуюць. І эканамічная сітуацыя ў краіне не дазваляе ім спадзявацца на тое, што праца для іх адшукаецца. На гэтым фоне словы партугальскага прэм'ера гучаць не вельмі пераканаўча.

Педра Пасас Каэлья, прэм'ер-міністр Партугаліі: У гэтай сітуацыі я б заклікаў грамадзян больш працаваць і быць больш дысцыплінаванымі.


Сённяшняя акцыя можа выклікаць перабоі ў працы транспарту і іншых сэрвісаў. Нацыянальны авіяперавозчык TAP пакуль не адмяняў рэйсаў, аднак такая магчымасць захоўваецца. У той жа час асобныя замежныя авіякампаніі прэвентыўна анулявалі частку вылетаў у Партугалію і назад. Не выключаныя таксама збоі ў працы іншага транспарту. Турыстам, якія накіроўваюцца ў Партугалію або з яе, варта папярэдне ўдакладняць статус свайго рэйса.