Цана нафты апусцілася да 29,96 доллара за бараль

13 января 2016

Чарговы антырэкорд чорнага золата. Цана нафты падчас таргоў на сусветных біржах сёння апускалася да адзнакі 29 долараў 96 цэнтаў за бараль. Апошні раз такое адбывалася ў снежні 2003.

Пры тым што паўтара года таму нафтавыя каціроўкі перавышалі 100 долараў. У цэлым жа чорнае золата патаннела сёлета ўжо на 15 працэнтаў. Галоўныя прычыны - занепакоенасць інвестараў глабальным перанасычэннем рынку сыравінай і ўмацаванне амерыканскай валюты. Зрэшты, ужо да вечара цэны на нафту паказалі невялікі рост, адскочыўшы ад 12-гадовага мінімуму. Так, кошт сакавіцкіх ф'ючэрсаў на паўночнамарскую нафтавую сумесь маркі Brent павысіўся на паўпрацэнта - да 31 долара за бараль. Кошт лютаўскіх ф'ючэрсаў на WTI - на адзін працэнт: да 30 долараў 8 цэнтаў за бочку. Раней шэраг эканамістаў выступіў з несуцяшальным прагнозам: у 2016 годзе кошт бараля можа апусціцца да 25 і нават да 10 долараў. А пры захаванні цаны на нафту ў раёне 30 долараў за бараль банкруцтва пагражае траціне нафтавых кампаній ЗША.