Самая скандальная выбарчая кампанія ў гісторыі Пятай рэспублікі

7 мая 2017

Галоўная тэма сусветнай палітыкі сёння - хто стане прэзідэнтам Францыі: Ле Пен або Макрон. Кампанія стала самай скандальнай у гісторыі Пятай рэспублікі.

Галасаванне праходзіць на фоне чарговага шуму. За некалькі гадзін да наступу дня цішыні сайт "Вікілікс" паведаміў пра вялізную ўцечку інфармацыі са штаба Макрона. У выніку 9 гігабайт (лістоў, фатаграфій і дадаткаў) патрапілі ў адкрыты доступ. Але нягледзячы на гэта менавіта Макрону прадказваюць перамогу. Паводле апошніх апытанняў, яго падтрымаюць 63 працэнты выбаршчыкаў. Прагаласавалі ўжо звыш 30 працэнтаў французаў.

Сам былы міністр эканомікі свой выбар таксама зрабіў на выбарчым участку Ле Туке-Пары-Плаж. Ён знаходзіцца непадалёк ад элітнага пасёлка, дзе жыве палітык, які выступае за дэрэгуляванне эканомікі і далейшую інтэграцыю Францыі са структурамі ЕС.

Лідар "Нацыянальнага фронта" Марын Ле Пен апусціла бюлетэнь у камуне Энен-Бамон. Там яна некалькі гадоў працавала кіраўніком мясцовага савета. Ле Пен у выпадку перамогі абяцае правесці ў краіне рэферэндум аб выхадзе з Еўрасаюза.

Прагаласаваў і цяперашні прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд. Ён сёння наведаў выбарчы ўчастак у горадзе Цюль.

Увечар - пасля заканчэння галасавання - Эмануэль Макрон і Марын Ле Пен прымуць удзел у мітынгах сваіх прыхільнікаў. Тады і стануць вядомыя першыя вынікі выбараў. Да закрыцця ўчасткаў публікацыя любой інфармацыі пра папярэднія вынікі галасавання ў Францыі забароненая. За парушэнне гэтага правіла СМІ пагражае штраф памерам 75 000 еўра.

Адзначым, выбары прэзідэнта Францыі праходзяць у рэжыме надзвычайнага становішча. Мабілізавана 50 000 паліцэйскіх, жандараў, вайскоўцаў і нават супрацоўнікаў прыватных ахоўных фірм. Колькасць патрулёў павялічана і на вуліцах. Узмоцненая ахова Елісейскага палаца. Учора ля ваеннай базы на захадзе краіны паліцыя затрымала экстрэміста, які прызнаўся, што рыхтаваў напад.