Расія смуткуе па загінуўшых у авіякатастрофе

6 мая 2019

У Мурманскай вобласці абвешчана трохдзённая жалоба. Трагедыя, нагадаем, адбылася напярэдадні вечарам. Лайнер, які вылецеў з маскоўскага Шарамеццева ў Мурманск, праз 28 хвілін вярнуўся ў аэрапорт і загарэўся падчас аварыйнай пасадкі. Загінуў 41 чалавек. З 78 чалавек выжылі толькі 37.

Паводле даных, самалёт страціў сувязь з дыспетчарамі пасля траплення маланкі. Частка пасажыраў пасля пасадкі змагла эвакуіравацца па аварыйным трапе. Па словах відавочцаў, гібель людзей у хваставой частцы магла адбыцца з-за таго, што некаторыя пасажыры сталі ў паніцы даставаць свае рэчы з паліц.  Пры гэтым у "Аэрафлоце" сказалі, што сама эвакуацыя апынулася амаль у паўтара раза хутчэй за нарматыў і заняла менш як хвіліну. 

У Шарамеццева ўжо знайшлі чорныя скрыні згарэлага самалёта. Растранснагляд правядзе пазапланавыя праверкі ў аэрапорце.