Рэжым спынення агню, па сутнасці, праваліўся

26 июня 2014

Перамір'е на ўсходзе Украіны падоўжыцца яшчэ 13 гадзін, паводле дамоўленасцяў, дасягнутых кіраўніцтвам краіны і апалчэнцамі. Зрэшты, абодва бакі канфлікту гавораць пра тое, што рэжым спынення агню, па сутнасці, праваліўся. У Данбасе працягваюцца перастрэлкі і тэракты на чыгунках. Як заявіў сёння прэзідэнт Парашэнка, за 6 дзён перамір'я загінулі 18 украінскіх вайскоўцаў. Звестак аб ахвярах сярод апалчэнцаў і мірных грамадзян пакуль не было. Неспакойна і ў Кіеве: як паведамляюць СМІ, гэтай раніцай некалькі дзясяткаў чалавек у чорнай форме і масках штурмавалі будынак сталічнай гасцініцы Турыст, дзе праходзіў з'езд Федэрацыі прафсаюзаў Украіны. З падрабязнасцямі - Юрый Казлоў.


З самага пачатку перамір'я абодва бакі канфлікту вінавацілі адзін аднаго ў парушэнні дамоўленасцяў. Паводле слоў апалчэнцаў, працягваецца абстрэл гарадоў Данбаса. Прэзідэнт Парашэнка, у сваю чаргу, паведаміў пра 52 выпадкі парушэння перамір'я прыхільнікамі федэралізацыі. Паміж тым напярэдадні стала вядома аб змесце новага праекта канстытуцыі, які з'яўляецца часткай мірнага плану Парашэнкі і будзе ўнесены на разгляд Рады ў найбліжэйшы час. Асноўныя змены крануць дэцэнтралізацыю ўлады і павышэнне самастойнасці рэгіёнаў. Да прыкладу, паводле праекта новага асноўнага закона, украінскіх губернатараў будуць абіраць на месцах, а не прызначаць са сталіцы. Акрамя таго, Кіеў пашырыць паўнамоцтвы муніцыпальных улад. У іх веданне пяройдуць і моўныя пытанні. Зменіцца і адміністрацыйна-тэрытарыяльны лад Украіны: краіна будзе дзяліцца на рэгіёны, раёны і суполкі.


Пётр Парашэнка, прэзідэнт Украіны: Прэзідэнт Пуцін учора падчас нашай тэлефоннай гутаркі з канцлерам Меркель і прэзідэнтам Аландам выказаў сваю падтрымку мірнаму плану. Мы з надзеяй чакаем рэальных крокаў у гэтым кірунку.


Як чакаецца, ужо заўтра Пётр Парашэнка падпіша ў Бруселі дамову аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Пра тое, на колькі гэты крок абыдзецца Украіне, эксперты спрачаюцца дагэтуль: паводле мінімальных ацэнак, краіна будзе губляць каля трыццаці мільярдаў долараў штогод. Галоўным чынам ад разрыву гандлёвых сувязяў з Расіяй. Раней Уладзімір Пуцін абяцаў адмяніць нулявыя ўвазныя пошліны для Украіны, калі Кіеў падпіша дамову з Бруселем. Акрамя таго, Расія паспрабавала ініцыяваць увядзенне імпартных пошлін на ўкраінскія тавары на пасяджэнні Еўразійскай эканамічнай камісіі. Беларусь і Казахстан гэтую прапанову не падтрымалі.


Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: Беларускі бок будзе ўважліва весці маніторынг змены ўмоў знешняга гандлю, якая можа пацягнуць за сабою падпісанне Дамовы аб асацыяцыі. У прынцыпе, падобны маніторынг мы вядзем на сталай аснове ў дачыненні да ўсіх нашых гандлёва-эканамічных партнёраў, тым больш такіх важных, як Украіна.


Не суціхае і ажыятаж вакол новага пакета санкцый, які Еўропа і ЗША могуць увесці ў дачыненні да Масквы. На захадзе ўпэўненыя, што менавіта Крэмль вінаваты ў эскалацыі сітуацыі ва Украіне. Новы пакет абмежаванняў, які закране цэлыя галіны расійскай эканомікі, можа быць уведзены ўжо на гэтым тыдні.


Застаецца няясным і пытанне пра будаўніцтва газаправода Паўднёвы паток. На днях Расія падпісала дамову аб рэалізацыі гэтага праекта з Аўстрыяй. Але сёння еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Этынгер пагражаў краінам - удзельніцам праекта, у тым ліку еўрапейскім, нейкімі наступствамі.


У той жа час супраць увядзення санкцый у дачыненні да Расіі ўжо выступілі найбуйнейшыя амерыканскія бізнес-асацыяцыі. А кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ва Украіне Ян Тадэвуш Томбінскі заявіў, што абвастрэнне адносін з Расіяй Бруселю не трэба. Паводле слоў палітыка, санкцыі задумваліся для таго, каб не быць уведзенымі.