Рэакцыя міжнароднай супольнасці на дзеянні ЗША ў Сірыі

7 апреля 2017

Дзевяць мірных жыхароў сталі ахвярамі ракетнага ўдару ЗША па Сірыі. Сярод загінуўшых чацвёра дзяцей, яшчэ не менш як сем чалавек атрымалі раненні. Таксама выбух забраў жыцці дзесяці сірыйскіх вайскоўцаў. У ноч на пятніцу з двух эсмінцаў у Міжземным моры па аэрадроме ў Хомсе ВПС ЗША выпусцілі 59 "Тамагаўкаў". На думку Вашынгтона, менавіта з гэтага месца былі ўчынены хімічныя атакі ў правінцыі Ідліб. Тэму працягне Юлія Неф.

Дональд Трамп, прэзідэнт ЗША: "Сёння я аддаў загад нанесці прыцэльны ваенны ўдар па авіябазе ў Сірыі, з якой была ажыццёўлена хімічная атака. Прадухіленне і стрымліванне распаўсюджвання і выкарыстання смяротнай хімічнай зброі - у інтарэсах нацыянальнай бяспекі ЗША. Сёння я заклікаю ўсе цывілізаваныя нацыі далучыцца да нас у імкненні пакончыць з разнёй і кровапраліццем у Сірыі".

Дональд Трамп дадаў, што ўдары могуць паўтарыцца ў выпадку неабходнасці. Нягледзячы на тое, што Савет Бяспекі прыняў рашэнне адкласці разгляд праектаў рэзалюцыі, што тычацца інцыдэнту з меркаваным прымяненнем хімічнай зброі ў сірыйскай правінцыі Ідліб, ЗША ў аднабаковым парадку нанеслі ракетны ўдар па Сірыі. Рэакцыя міжнароднай супольнасці была неадкладнай. МЗС Расіі заяўляе: авіяўдар ЗША па ваенным аэрадроме ў Сірыі мае відавочнае палітычнае тлумачэнне.

Паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка МЗС, жорсткая выбарчая барацьба ў ЗША закончылася, аднак канкрэтнай знешнепалітычнай стратэгіі так і не з'явілася.

Марыя Захарава, афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі: "Злучаныя Штаты Амерыкі не першы раз дэманструюць такі бяздумны падыход. Ён толькі пагаршае наяўныя ў свеце праблемы і стварае пагрозу міжнароднай бяспецы. Сама прысутнасць вайскоўцаў ЗША і іншых краін на тэрыторыі Сірыі без згоды на тое ўрада гэтай краіны або рашэння Савета Бяспекі ААН з'яўляецца грубым, відавочным і нічым не абгрунтаваным парушэннем міжнароднага права".

Падтрымку агрэсіўнаму кроку Трампа чакана выказалі Брытанія, Ізраіль, Японія, Саудаўская Аравія, Аўстралія. Рашуча асудзілі яго дзеянні Расія і Іран. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што гэты крок з'яўляецца агрэсіяй супраць суверэннай дзяржавы, якая наносіць урон як расійска-амерыканскім адносінам, так і агульнай барацьбе з тэрарызмам.

У верасні 2015 года Прэзідэнт Сірыі Башар Асад афіцыйна звярнуўся да Расіі з просьбай аб аказанні ваеннай дапамогі. Савет Федэрацыі аднагалосна падтрымаў выкарыстанне расійскіх Узброеных сіл за мяжой. Было падкрэслена: мэтай ваеннай аперацыі з'яўляецца выключна барацьба з тэрарызмам, і не толькі ў Сірыі, але і ва ўсім свеце.

Самір Сулейман, брыгадны генерал, кіраўнік аддзела арміі Сірыі: "Гэта годная ганьбавання амерыканская агрэсія пацвярджае працяг некарэктнай амерыканскай стратэгіі. Гэта падрывае працэс барацьбы з тэрарызмам, якую праводзяць сірыйскія Узброеныя сілы. Гэта робіць ЗША партнёрам "Ісламскай дзяржавы", "Ан-Нусры" і іншых тэрарыстычных арганізацый''.

Прымяненне хімічнай зброі асуджаюць усе. Але расследаванне па факце хімічнай атакі на Ідліб 4 красавіка яшчэ не праведзена. Дарэчы, мінулым летам эксперты місіі ААН падрыхтавалі даклад аб выкарыстанні хімзброі ў Сірыі за апошнія гады. У большасці выпадкаў усталяваць, хто стаіць за такімі атакамі, не ўдалося дагэтуль.