Расце колькасць тых, хто загінуў ад землетрасення ў Інданезіі

7 декабря 2016

У спісе ўжо 97 чалавек. Не менш як 8 з іх - дзеці. Яшчэ 70 чалавек сур'ёзна пацярпелі. Дапамога ім часта аказваецца прама пад адкрытым небам, месцаў у бальніцах ужо не хапае, як і лекаў. Стыхійнае бедства ацэньваецца як спусташальнае. Чакаецца, што колькасць ахвяр будзе расці.
Паводле звестак Нацыянальнага ўпраўлення метэаралогіі, кліматалогіі і геафізікі Інданезіі, эпіцэнтр землетрасення знаходзіўся за 18 кіламетраў на паўночны ўсход ад Підыджая. Сур'ёзна пацярпеў горад Мёроду. Ачаг залягаў на невялікай глыбіні не больш чым дзесяць кіламетраў ад паверхні Андаманскага мора. За галоўным - разбуральным - штуршком былі яшчэ 12. Магнітуда самага слабага афтэршока - 4,8.
Цунамі няма. Эксперты лічаць, што і новага магутнага землетрасення ў рэгіёне ў найбліжэйшы час не здарыцца. І добра, бо работы і пасля гэтага ўдару хопіць надоўга. Акрамя завалаў, якія пакуль разбіраюцца пераважна ўручную, у пацярпелыя раёны неабходна тэрмінова даставіць лекі і медыцынскае абсталяванне. У бальніцах не хапае месцаў: пацыентаў, якія паступаюць, размяшчаюць у калідорах і палатках, якія выдзеліла паліцыя. Але часта дапамога аказваецца прама пад адкрытым небам. 
Сутопа Нугроха, кіраўнік інфармацыйнага цэнтра Нацыянальнага ўпраўлення па ліквідацыі  наступстваў  стыхійных бедстваў (Інданезія):
"Разбураныя 105 магазінаў, 125 жылых дамоў, 14 мячэцяў. Бальніца і адна са школ атрымалі сур'ёзныя пашкоджанні. Чакаецца, што гэтыя звесткі зменяцца ў бок павелічэння, паколькі аб'ём разбурэнняў вельмі вялікі".
Астравы Інданезіі ўваходзяць у так званае Ціхаакіянскае вогненнае кальцо (зону з павышанай сейсмічнай актыўнасцю), землетрасенні там адбываюцца рэгулярна. Краіна па гэтым паказчыку - рэкардсмен. Большасць землетрасенняў з'яўляецца нязначнымі ваганнямі зямной кары і не ўяўляе пагрозы. Але катастрофы ўсё ж здараюцца.
У 2004 годзе ля узбярэжжа Суматры адбыўся наймацнейшы ў свеце за папярэднія чатыры дзесяцігоддзі падземны штуршок. Выкліканае ім цунамі  забрала сотні тысяч жыццяў у 12-ці  краінах Індыйскага акіяна. Менш чым праз год магутнае землетрасення ля вострава Ніяс загубіла там больш як 900 жыхароў. Пасля разбуральны ўдар стыхіі здарыўся ў кастрычніку 2010 года ля вострава Паўднёвы Пагэй. І зноў следам за падземным штуршком было цунамі. 15-метровыя хвалі тады сцерлі з зямлі шэсць паселішчаў.