Расследаванне катастрофы пад Сочы працягваецца. Усе тры бартавыя самапісцы Ту-154 знойдзены

27 декабря 2016

Усе тры бартавыя самапісцы Ту-154 знойдзены. Асноўны - ужо ў Падмаскоўі. Спецыялісты пачалі  яго расшыфроку. Першых вынікаў чакаюць ужо да пятніцы. У раёне крушэння ў Чорным моры ідзе пошукавая аперацыя. Вадалазы выявілі больш за 150 абломкаў лайнера, у тым ліку  рухавік.  Усе элементы  перададуць  крыміналістам.  Следчыя схіляюцца да версіі  з пранікненнем старонніх прадметаў у рухавік. За тры дні з вады паднялі  16 цел. Два з іх   апазнаныя. 

Маштабная пошукавая аперацыя ля берагоў Сочы ідзе ў кругласутачным рэжыме. Задзейнічаны дзве сотні вадалазаў, 45 караблёў, самалёты  і верталёты МНС, глыбакаводныя апараты і батыскафы. Паводле  інфармацыі Міністэрства абароны, асноўная частка абломкаў знаходзіцца на глыбіні 30 метраў  за паўтара кіламетра ад берага і  раскідана па дне ў радыусе парадку 500 метраў.

Цэнтр пошукавых прац  - даследчае судна "Эпрон". З яго борта ў мора   спускаюцца вадалазы. Яны дбайна вывучаюць дно і паднімаюць на паверхню невялікія абломкі і рэчы пасажыраў. Менавіта іх сіламі і атрымалася падняць першую  з чорных скрынь.

Днём яе даставілі спецрэйсам у Падмаскоўе. Спецыялісты ўжо пачалі расшыфроўку. Гэты самапісец утрымоўвае параметрычныя звесткі - хуткасць, вышыня, параметры рухавіка, гідрасістэм, паліва і іншыя тэхнічныя паказчыкі лайнера. І хоць чорная скрыня не пашкоджана і добра захавалася, пакуль няясна, калі будуць  першыя звесткі  па дэкадзіраванні. Адны эксперты мяркуюць, што гэта адбудзецца ўжо на працягу сутак, другія заклікаюць набрацца цярпення - на дэшыфроўку можа спатрэбіцца  некалькі тыдняў.

Два іншыя  самапісцы  таксама выяўлены.  У Ту-154 іх усяго тры -  маўленчы і два параметрычныя. Усяго на глыбіні знойдзены больш за 150 абломкаў самалёта, у тым ліку рухавік (ён разваліўся на тры часткі), стойка шасі і элементы ашалёўкі. Учора позна ўвечар   пры дапамозе самаходнага марскога крана атрымалася дастаць  адзін з самых буйных абломкаў - частка бакавой абшыўкі фюзеляжа з ілюмінатарамі. Яго памер  тры з паловай на чатыры з паловай метра.

Сёння пачалі працаваць заселеныя глыбокаводныя апараты Рускага геаграфічнага таварыства  - з іх дапамогай плануецца дэталёва вывучыць сітуацыю  пад вадой у месцы пошукаў.

Напярэдадні ў Маскву прыбыў першы борт з целамі ахвяраў катастрофы. Апазнанне праходзіць у спецыяльным цэнтры судовай медыцыны і крыміналістыкі Мінабароны. Ужо вядома, што загінуўшых пры крушэнні пахаваюць  з воінскімі ўшанаваннямі  на Федэральных ваенных  мемарыяльных могілках  у Мыцішчах. Усяго на борце самалёта, які накіроўваўся ў Сірыю,  было 92 чалавекі. Большасць - удзельнікі ансамбля імя Аляксандрава, а таксама журналісты і дырэктар дабрачыннага фонду "Справядлівая дапамога" Лізавета Глінка.

Між тым у справе аб крушэнні Ту-154 з'явіўся відавочца - гэта супрацоўнік берагавой аховы, які ў момант авіякатастрофы знаходзіўся ў акваторыі Сочы на катары. Ён распавёў,  што самалёт замест таго каб набраць вышыню,  быццам бы  спрабаваў сесці на ваду. Пры гэтым становішча лайнера, паводле яго слоў, было дзіўным. Ён параўнаў яго з матацыклам на заднім коле.  Зрэшты, некаторыя эксперты ўжо падвергнулі словы відавочцы крытыцы, спасылаючыся на тое, што ў гэтых шыротах  ў гэты час года даволі цёмна, каб разглядзець самалёт, які ляціць над морам.

Зараз спецыялісты вывучаюць схему ўзлёту Ту-154 і перамовы экіпажа. Версій, над якімі працуе следства, па-ранейшаму чатыры. Гэта трапленне ў рухавік старонніх прадметаў, няякаснае паліва, памылка пілатавання і тэхнічная няспраўнасць самалёта. Не выключаецца, што борт быў перагружаны. Ніякіх сведчанняў таго, што ахвяры крушэння загінулі ў выніку выбуху, экспертам пакуль выявіць не атрымалася.