Паранены ў Анкары саветнік пасольства Беларусі ў Турцыі прааперыраваны

25 июля 2019

Стан дыпламата медыкі ацэньваюць як цяжкі, адзначылі ў нашым МЗС. Як мы ўжо паведамлялі, напад адбыўся ўвечар у раёне Анкары, дзе размешчаныя дыппрадстаўніцтвы шматлікіх краін, калі дыпламат вяртаўся дахаты. Дзіця, якое  было з ім, не пацярпела.

Меўлют Чавушоглу, міністр замежных спраў Турцыі: "Дыпламат адразу ж быў адпраўлены ў бальніцу, і аперацыя прайшла ў вышэйшай ступені паспяхова. Зараз ён у рэанімацыі, але стан яго здавальняючы. Вядома, пры любой аперацыі магчымыя рызыкі, але, паводле звестак, атрыманых намі ад урачоў, на працягу сутак ён можа быць пераведзены  ў звычайную палату. Наш прэзідэнт Таіп Эрдаган, прадстаўнікі МЗС і МУС сочаць за развіццём сітуацыі. Я таксама правёў тэлефонныя перамовы з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем, перадаў яму ўсю  інфармацыю". 

Як паведамляе  МЗС Турцыі, папярэднія вынікі расследавання паказваюць на тое, што злачынец учыніў  напад на бытавой глебе. Таксама стала вядома, што атака была зроблена псіхічна не ўраўнаважаным чалавекам, былым вайскоўцам. Пасля нападу злачынец пакончыў з сабою. 

Васіп Шахін, губернатар правінцыі Анкара: "Нашы праваахоўнікі расследуюць усе аспекты таго, што здарылася. Паводле  папярэдніх звестак, справа не мае палітычнай падаплёкі - сусед дыпламата пачаў страляць падчас слоўнага канфлікту на бытавой глебе. Расследаванне працягваецца пад кантролем пракуратуры".