Праводзяцца расследаванні крушэння самалёта ў Непале і авіякатастрофы ў Нью-Ёрку

12 марта 2018

Прычынай крушэння пасажырскага самалёта ў Непале магла стаць памылка экіпажа. Пра гэта заявіў кіраўнік аэрапорта ў Катманду. Расследаваць авіякатастрофу, якая, паводле папярэдніх звестак, забрала жыцці больш як 50 чалавек, будзе спецыяльна створаная камісія. Нагадаем, самалёт бангладэшскай авіякампаніі ажыццяўляў рэйс Дака - Катманду. Падчас заходу на пасадку паветранае судна не трапіла на ўзлётна-пасадачную паласу і ўпала на футбольнае поле. Успыхнуў пажар. На борце знаходзіўся 71 чалавек. З палаючага самалёта былі выратаваны і шпіталізаваны сама меней 25 чалавек. Аднак некалькі з іх пазней памерлі. Прэзідэнт Беларусі выказаў шчырыя спачуванні сваякам загінуўшых, пажадаў найхутчэйшага выздараўлення пацярпелым, а таксама перадаў словы падтрымкі лідарам Бангладэш і Непала, народам гэтых краін.

Авіякатастрофа адбылася і ў Нью-Ёрку. У выніку крушэння верталёта загінулі 5 чалавек. Выжыў толькі пілот. Прыватнае паветранае судна Eurocopter ажыццяўляла палёт вакол статуі Свабоды.

Зараз нацыянальны савет транспартнай бяспекі праводзіць расследаванне прычыны аварыі.