Супярэчлівая інфармацыя аб лайнеры А-320, які знік

20 мая 2016

Улады Егіпта і авіякампанія EgyptAir заяўляюць, што выявілі першыя абломкі самалёта ля грэчаскага вострава Карпатас. Аднак Афіны гэтыя звесткі пакуль не пацвярджаюць. Пошук абломкаў працягваецца. Аперацыю вядуць самалёты і караблі Грэцыі, Францыі і Турцыі. Новай інфармацыі, чаму лайнер пацярпеў крушэнне, пакуль няма. Разглядаюцца ўсе версіі, у тым ліку і тэракт.

Шэрыф Фатхі, міністр грамадзянскай авіяцыі Егіпта:

"Тэракт здаецца цалкам верагоднай версіяй, але наша афіцыйная пазіцыя такая, што мы пакуль не можам гэта ні пацвердзіць, ні абвергнуць. Калі належным чынам прааналізаваць сітуацыю, відавочна, што імавернасць розных уздзеянняў або тэрарыстычнага акта вышэй, чым імавернасць тэхнічнай няспраўнасці. Давайце дачакаемся фактаў. Трэба быць засяроджанымі на пацверджанай інфармацыі, а не на гіпотэзах. Мы ўвесь час знаходзімся ў кантакце з замежнымі калегамі, каб высветліць праўдзівую прычыну знікнення лайнера".

Тэхнічная катастрофа малаверагодная, лічаць у аператыўным штабе, які каардыніруе пошукі ў Каіры. Самалёт быў спраўны, экіпаж вопытны. Нагадаем, Эйрбас A320 кампаніі EgyptAir прапаў з радараў мінулай ноччу. Ён выконваў рэйс з Парыжа ў Каір. На борце было 66 чалавек. Зараз у аэрапортах Егіпта ўведзены найвышэйшы ўзровень надзвычайнай сітуацыі. Меры павышэння бяспекі прыняты ў Каіры і паблізу аэрапортаў краіны.