Пракуратура Бельгіі адпусціла на волю Фейсала Шэфу

28 марта 2016

Ён быў затрыманы на мінулым тыдні па справе аб выбухах у Бруселі. Паведамляецца, што для яго далейшага ўтрымання пад вартай не ўдалося сабраць неабходных доказаў. Мясцовая прэса сцвярджае, што Шэфу - гэта той чалавек у капелюшы і светлай куртцы на кадрах з камеры назірання аэрапорта побач з двума смяротнікамі. Акрамя таго, сёння былі прад'яўлены абвінавачанні яшчэ тром падазроным. Між тым колькасць ахвяраў тэрактаў вырасла да 35 чалавек. Адказнасць за тэракты, нагадаем, узяла на сябе "Ісламская дзяржава". Напярэдадні пратэст у Бруселі супраць гэтай групоўкі закончыўся беспарадкамі. Дэманстрацыю арганізавалі ўльтраправыя на плошчы Ла Бурс, куды працягваюць прыносіць кветкі і свечкі ў памяць аб загінуўшых. Сотні актывістаў выкрыквалі лозунгі супраць мусульман, ускідвалі рукі ў нацысцкіх прывітаннях і запальвалі фаеры. Для навядзення парадку паліцыя вымушана была прымяніць вадамёты.